Вучылі і вучыліся, аналізавалі і ставілі задачы

Сельская гаспадарка

На чарговым раённым семінары падвялі вынікі работы жывёлагадоўчай галіны за дзевяць месяцаў. Прайшоў ён на базе КСУП “Чамярыскі”.


Як 400 гектараў прынеслі дадаткова 4 млрд рублёў


У гэтай гаспадарцы мерапрыемства такога плана было праведзена ў пачатку года, а дакладней, у першых чыслах лютага, таму цікава было даведацца, што змянілася з таго часу, ці ажыццявілася задуманае. І вось мы зноў на тэрыторыі той жа Чамярыскай фермы, што і некалькі месяцаў таму, слухаем дырэктара сельгаспрадпрыемства Генадзя Краўчанку. За дзевяць месяцаў павялічылася вытворчасць малака і мяса, за гэты час атрымана прадукцыі на 12 млрд рублёў. Па выніках года яе будзе  рэалізавана ў “Чамярыскім” на 15 млрд рублёў, рэнтабельнасць,  большую частку якой дасць раслінаводчая прадукцыя, складзе 15%. На долю жывёлагадоўчай прыпадзе менш 50%.


Для ўборкі на зерне пакінулі 400 гектараў кукурузы, якія дазволяць атрымаць значную суму грошай – 4 млрд рублёў. Затраты на вырошчванне каштоўнай кармавой культуры цалкам акупіліся, атрымалася, па словах Генадзя Іванавіча, што кармы яны нарыхтавалі бясплатна. Маюцца на ўвазе і тыя 500 тон зерня, якія пакінулі для патрэб жывёлагадоўлі, і сянаж, сілас. На ўмоўную галаву жывёлы назапаша па 44 цэнтнеры кармавых адзінак травяністых кармоў, а гэта – на 17 больш мінулагодняга.


Усё пагалоўе размешчана на трох фермах, працуюць тры кормараздатчыкі, перабояў з кармленнем няма. Кадрамі жывёлаводаў КСУП “Чамярыскі” забяспечаны, але аб прафесійным іх узроўні і адносінах да работы красамоўна сведчаць лічбы: адна даярка ад групы нецеляў атрымала па пяць тысяч кілаграмаў малака, другая па дзве. І гэта пры тым, што працавалі яны ў аднолькавых умовах.


Генадзь Іванавіч звярнуў увагу калег і спецыялістаў на тое, што прыфермскія кашары неабходна рабіць, яны сябе апраўдваюць. Да 90% жывёлы можна ўтрымліваць такім чынам бяспрывязна.


Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Хмелянок падкрэсліў, што восенню асноўную выручку дае раслінаводства: бульба, гародніна, караняплоды, зерне кукурузы. З бульбай сёлета прагадалі, не па-гаспадарску аднесліся да другога хлеба, таму і ўраджайнасць маюць найніжэйшую ў вобласці. Што датычыць “Чамярыскага”, то ён і ў гэтым плане аказаўся на вышыні, паспеў прадаць каля тысячы тон клубняў. Па аб’ёмах рэалізацыі сельгаспрадукцыі за дзевяць месяцаў абышоў КСУП  “Малажынскі”.


Удзельнікі семінара пабывалі на ферме, дарэчы, не новай, дзе ўтрымліваецца маладняк буйной рагатай жывёлы, укормлены, дагледжаны. Паглядзелі, як вядзецца ўласнымі сіламі пабелка памяшканняў, наведаліся і на новую ферму, дзе ўжо ўстаноўлена сучаснае абсталяванне. Сховішча для бульбы адрамантавана, сельгаспрадпрыемства набыло яшчэ дзве аўтаматычныя цеплавыя пушкі з камплектам тэрмарэгулявання, каб захаваць клубні да вясны.


Усё зводзіцца да тэхналогіі


Плянарнае пасяджэнне пачаў старшыня райвыканкама Аляксандр Ятчанка, які сказаў, што для выканання прагнозных паказчыкаў у  нас ёсць усё неабходнае: якасныя кармы, перасоўны млын, пагалоўе, праблема толькі ў тэхналогіі, якой неабходна прытрымлівацца. А яшчэ збалансаваць рацыён жывёлы па цукру, завезці патаку. У Хойніцкім раёне патрэбна закупіць цукровыя буракі, каб вырашыць гэтую праблему.


Ніякіх перашкод няма і для атрымання высокіх сярэднясутачных прываг маладняку буйной рагатай жывёлы. Адзінае, што патрэбна, – даць уволю камбікармоў, доступ да іх павінен быць свабодны, прасачыць, каб былі вада, сена. Варыць пойла, як раней, не трэба. У камбікорме КР-1 ёсць усе неабходныя дабаўкі. Здаецца, усё проста і зразумела, толькі чамусьці  на справе атрымліваецца іншае, аб чым сведчаць невысокія сярэднясутачныя прывагі.


З выступлення галоўнага заатэхніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Пятра Пінчука:


– На 1 кастрычніка пагалоўе буйной рагатай жывёлы складае 27 464 (102,3%), плюс 627 галоў. Дзве гаспадаркі мінусуюць па гэтым паказчыку – КСУП “Брагінскі” і “Пераможнік”.  У іх жа і вытворчасць малака, яго рэалізацыя ніжэй узроўню мінулага года, а ў “Брагінскім” да ўсяго і таварнасць не дасягае 80%.


Кароў налічваецца 8313 (104%). Вытворчасць малака за дзевяць месяцаў склала 102%, а да задання – 92,2%, рэалізацыя – 105%. Таварнасць роўная 81,8%. У разліку на карову атрымана па 3460 кілаграмаў малака (-97 кг). Ніжэй сярэднераённага надой у КСУП “Брагінскі” – 3117 кг (мінус 962 кг), імя Жукава – 3292 , “Малажынскі” – 3398 кг.


У кожнай гаспадарцы неабходна наладзіць паўнацэннае кармленне жывёлы, у рацыён уключыць кармасумесі, сена. На ўсіх МТФ правесці кантрольнае даенне з запісамі паказчыкаў у журнал уліку і арганізаваць дыферэнцыраванае кармленне кароў згодна з гэтымі данымі. Навацельных  кароў патрэбна выдзеліць у асобныя групы, праводзіць іх раздой, авансаваць кармленне.


Пётр Валер’евіч падрабязна спыніўся на неабходнасці балансіроўкі рацыёну па цукру (патака павінна быць на ўсіх фермах). Выдача канцэнтратаў уласнага размолу, не абагачаных бялком, прэміксамі, забараняецца.


Вытворчасць мяса за тры кварталы бягучага года склала 103,3%  (да задання – 95,6%). Ніжэй узроўню мінулага года яна ў КСУП “Брагінскі”, “Пераможнік”, а сярэднясутачнае прыбаўленне ў вазе забяспечана на ўзроўні  622 грамаў (у “Малажынскім” – 565 грамаў). У верасні жывёлаводы гаспадарак раёна  не выйшлі і на такі паказчык (атрымалі сярэднясутачныя прывагі па 588 грамаў), а ў КСУП “Брагінскі” – па 421 (мінус 187 г).


Цяляты ў клетках-доміках павінны атрымліваць камбікармы КР-1 у дастатковай колькасці, асабліва да 6-месячнага ўзросту. Павінен быць доступ да камбікармоў, а таксама вады, караняплодаў, сена, жмыху.


Галоўны заатэхнік ахарактарызаваў развіццё свінагадоўчай галіны, паставіў задачы на бліжэйшы час. Датычаць яны кармлення, адкорму, рэканструкцыі памяшканняў, павелічэння пагалоўя свіней.


Галоўны ветэрынарны ўрач раёна Анастасія Абашына была ў сваім выступленні лаканічнай, назвала канкрэтныя прычыны, якія прыводзяць да паморку жывёлы, параіла, як іх пазбегнуць.


Галоўны заатэхнік-селекцыянер Брагінскага філіяла РСУП “Гомельаблдзяржплемпрадпрыемства” Іван Кучык гаварыў аб узнаўленні статкаў, уводзе нецеляў і іх раздоі. Большую частку свайго выступлення прысвяціў развядзенню галштына-фрызскай пароды буйной рагатай жывёлы. Сёння ў раёне ёсць чатыры быкі гэтай пароды, адзін – чыстакроўны. Селекцыйная работа – справа не аднаго дня, і як паказвае вопыт КСУП “Саўгас “Камарынскі”, дзе прыжыліся лімузіны, патрабуе ведаў і настойлівасці.


Дапоўніў спецыялістаў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Хмелянок. Старшыня райвыканкама абагуліў сказанае, падвёў рысу: сухі корм, сена і вада – для цялят, падкормка – для жывёлы, якая яшчэ пасвіцца, а для цельных кароў – абсталяваныя боксы. Усё зразумела і даступна.


Ніна СІНІЛАВА