Самае дарагое – жыццё

Школа бяспекі

Самае дарагое ў чалавека – жыццё, і хто, як не сам чалавек павінен аб ім клапаціцца. Але, на жаль, у сумяціцы паўсядзённых клопатаў людзі часта забываюць аб гэтым. І вось тут вельмі своечасова    ім на   дапамогу   прыходзяць работнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, якія робяць абследаванне кватэр і сядзіб жыхароў раёна. Для іх галоўнае – не толькі выявіць, у якім стане знаходзяцца печы, электраправодка, аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі і многае іншае, ад чаго залежыць бяспечнае пражыванне, але і дапамагчы выправіць недахопы. У першую чаргу абследуюцца домаўладанні грамадзян, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама мнагадзетныя сем’і.


11 кастрычніка  ў памяшканні Хракавіцкай сярэдняй школы  адбыўся сход жыхароў вёскі Хракавічы, на якім прысутнічалі ў асноўным грамадзянне з групы рызыкі. У час сходу былі разгледжаны пытанні аб пажарнай бяспекі, папярэджавання гібелі і траўматызму людзей на пажарах у населеных пунктах Чамярыскага сельскага Савета.


Адкрыла сход Ірына Чарняўская, інспектар групы прапаганды і навучання Брагінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, якая азнаёміла прысутных з пажарамі і іх вынікамі ў Гомельскай вобласці і ў Брагінскім раёне. Асаблівую ўвагу яна звярнула на папярэджванне дзіцячага свавольства з агнём і недапушчальнасць пакідання дзяцей без прыгляду.  Ірына Віктараўна прывяла прыклады трагічных вынікаў пажараў з паказам фотаздымкаў.


Перад удзельнікамі сходу выступілі таксама Уладзіслаў Дзёкін, псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Адам Царанок, старшыня Чамярыскага сельскага Савета дэпутатаў.


Удзельнікі сходу прынялі адпаведную пастанову.


Мікалай ЧАРНАБАЙ