Дзеці павінны жыць у свеце творчасці, гульні, казкі, музыкі, малюнка, фантазіі. Так некалі сказаў вядомы педагог Васіль Сухамлінскі. І з ім згодны ў дзяржаўнай установе дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Брагінскі Цэнтр дзіцячай творчасці”. Тут кожны можа знайсці сабе справу па душы, тут няма месца суму і абыякавасці, тут заўсёды шмат святла і душэўнай цеплыні.
З дзейнасцю ўстановы дзеці і іх бацькі змаглі пазнаёміцца ў час нядзелі пазашкольніка, якая праходзіла тут з 3 па 10 верасня. Як расказала культарганізатар Цэнтра Алена Равянок, хлопчыкаў і дзяўчынак чакаюць фальклорны і тэатральны гурткі. Яны змогуць спасцігнуць асновы салома- і бісерапляцення, малявання і дэкаратыўнага дызайну, навучацца спяваць і танцаваць. У спартыўных секцыях будуць праводзіцца заняткі па валейболе, футболе, настольным тэнісе і інш. А яшчэ сёлета пачнуць работу гурткі па макрамэ і цестапластыцы. Жадаючыя таксама паспрабаваць сябе ў прафесіях карэспандэнта, фатографа, выратавальніка-пажарнага.
Дарэчы, той, хто пройдзе навучанне ў цэнтры з другога па адзінаццаты класы, атрымае спецыяльнае пасведчанне, якое, несумненна, спатрэбіцца яму ў будучым.
Многія з названых гурткоў арганізаваны і ў школах, размешчаных на тэрыторыі аграгарадкоў Мікулічы, Буркі, Вуглы і Малейкі.
Цікава, творча жыве Цэнтр. І ён рады прыняць усіх, хто жадае праводзіць вольны час карысна. Прыходзьце! Вопытныя, уважлівыя і творчыя педагогі адчыняць для вас свет прыгожага, дапамогуць падняцца па прыступках майстэрства. Установа дадатковай адукацыі працуе шэсць дзён у тыдзень. У суботу, акрамя асноўных заняткаў, дзеці змогуць прыняць удзел у самых разнастайных мерапрыемствах.
БУДЗЬ У КУРСЕ!
Дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Брагінскі Цэнтр дзіцячай творчасці” працуе з панядзелка па суботу з 8.00 да 18.00.
Тэлефон: 2-26-61.