Нарадзілася я ў Малажыне, але шчасце сваё знайшла ў суседнім раёне – Лоеўскім. Скончыла культпрасветустанову, працую дырэктарам Ручаёўскага сельскага Цэнтра культуры і вольнага часу, выхоўваю дваіх дзетак. Усё добра складваецца ў жыцці, але часта з хваляваннем і цеплынёю ўспамінаю малую радзіму, нашу прыгожую вёску.
… Родная Брагіншчына. Мілы сэрцу край! Найпрыгажэй за цябе няма ва ўсім свеце! Шматпакутны, гераічны, самабытны, мужны і стойкі. Здаўна тут жылі адной дружнай сям’ёй жыхары навакольных вёсак Брагінскага і Лоеўскага раёнаў. З хваляваннем сачу за падзеямі, якія адбываюцца на Брагіншчыне, ганаруся, што яе жыхары навучыліся жыць і працаваць на забруджанай тэрыторыі не горш іншых, вярнулі ёй былую славу і дасягненні.
Назіраю, як раён прыгажэе і адраджаецца. Брагін ужо не той, што быў 5-10 гадоў таму. Гэта своеасаблівы культурны цэнтр па захаванні народнай спадчыны рэгіёну і памяці аб чарнобыльскай бядзе. Людзі, якія вынеслі на сваіх плячах гора і пакуты, не страцілі пачуцця прыгожага, узвышанага.
У гэтым змаглі пераканацца жыхары вёскі Бывалькі Лоеўскага раёна, куды наведаліся самадзейныя артысты Брагінскага РДК. Чуткі аб іх паспяховым выступленні абляцелі ўвесь наш раён, і мы, работнікі культуры, запрасілі іх да сябе. Нас падтрымалі перасяленцы з Брагіншчыны.
Калі вядучая Любоў Дубатдзел звярнулася да прысутных у зале са словамі “Дарагія землякі”, не ўсе зразумелі іх сэнс. З 1962 па 1966 год наша Ручаёўка адносілася да Брагінскага раёна. Наогул, звесткі аб ёй выяўляюцца ў канцы ХІХ стагоддзя. Гэта быў цэнтр воласці Рэчыцкага павета Мінскай губерніі. Налічвалася ў той час 366 двароў, 1005 душ толькі мужчынскага полу. Царкоўны прыход складаў больш 600 праваслаўных. Акрамя валасного праўлення, былі пункты земскай сувязі, Вазнясенская царква, сінагога, ветраны і конны млыны, маслабойня. Сучасная Ручаёўка – цэнтр сельскага Савета і мясцовай гаспадаркі. Тут ёсць усе сацыяльна-культурныя ўстановы, пражывае каля 1000 чалавек.
Вельмі добра, што традыцыі канцэртнай дзейнасці працягваюцца, а песня аб’ядноўвае людзей, робіць іх шчырымі, адкрытымі і добрымі, што так неабходна ў наш нялёгкі час.
Прыемна былі здзіўлены рознаўзроставай катэгорыяй самадзейных артыстаў – сталых і маладых, але аднолькава таленавітых і ўлюбёных у мастацтва. Парадаваліся таму, што ў раённым Доме культуры ёсць два народныя калектывы: вакальна-інструментальны ансамбль і эстрадная студыя. Удзельнікі гэтых творчых фарміраванняў Вячаслаў Гаршкоў і Ігар Сініла зачаравалі сваімі галасамі і прафесійнымі спевамі.
Жаночая група “Бліскавіца” падкупляла непаўторнасцю выканання песень аб каханні, лёсе, веры ў лепшыя пачуцці. Рамансы, якія спявае Маіна Мацюшэнка, – “залаты” рэпертуар калектыву, класіка, за выкананне якой бяруцца не ўсе прафесійныя артысты. Песня “Галубка”, якую падаравала гледачам Наталля Нікіценка, перанесла ў далёкую Гавану, прымусіла разам са спявачкай пранікнуцца пачуццём кахання і вернасці.
Спадабалася вяскоўцам Святлана Русак (Баба Яга), тэатральны талент якой не выклікае сумненняў. Гледачы шчыра адгукваліся на яе камічныя і трапныя выказванні.
Эла Таполя і Раман Цеслянок – перспектыўныя работнікі, якія падаюць надзею. Гэта адчувалася ва ўсім: у манеры спеваў, уменні падаць сябе і трымацца на сцэне. Даведаліся, што абодва – студэнты вышэйшых навучальных устаноў. Перасяленцы не пераставалі здзіўляцца і радавацца таму, што на іх малой радзіме з’явілася такая моладзь.
Арганізацыяй канцэртнай дзейнасці займалася Ала Злыдзенка.
Ад імя ўсіх жыхароў Ручаёўкі і Бывалек жадаем кіраўніцтву Брагінскага аддзела культуры, арганізатарам гэтых канцэртаў, усім самадзейным артыстам толькі поспеху і творчага ўздыму. Прыязджайце да нас, дарагія землякі, яшчэ і яшчэ. Будзем вельмі рады!
З вялікай павагай і ўдзячнасцю Алена Сафронава,
дырэктар Ручаёўскага сельскага цэнтра культуры і вольнага часу