За восем месяцаў бягучага года ў гаспадарках раёна атрымана 5575 цялят, што на 884 галавы больш мінулагодняга.
Заслуга ў гэтым тэхнікаў-асемянатараў. У краінах далёкага замежжа, напрыклад, у Ізраілі, іх праца не толькі цэніцца, але і аплачваецца дастойна. У нас таксама гэтая катэгорыя спецыялістаў у пашане. А калі чалавек дасягае высокага прафесійнага майстэрства, то атрымлівае, акрамя матэрыяльнага ўзнагароджання, і маральнае задавальненне. Яму даецца права абараніць гонар раёна на абласным конкурсе, які праходзіць штогод. Сёлета Брагіншчыну прадстаўляла Тамара Леглік, тэхнік-асемянатар Дублінскай фермы КСУП “Малажынскі”.
Каб трапіць на XVІІ абласны конкурс работнікаў па штучным асемяненні сельскагаспадарчай жывёлы, ёй неабходна было стаць пераможцай раённага, што яна і зрабіла. Каб стаць лепшай, адных тэарэтычных ведаў аказалася недастаткова, улічваліся і вытворчыя паказчыкі. Выхад цялят на сто кароў у Тамары Фёдараўны складае сто галоў, і так на працягу апошніх трох год. З абласнога спаборніцтва яна вярнулася з грашовай прэміяй.
З пачатку года ў КСУП “Малажынскі” атрымана 1397 цялят (+254 галавы да ўзроўню мінулага года). Тут працуюць вопытныя асемянатары, якія задаюць тон у рабоце іншым.
Ніна СІНІЛАВА