У тым, што Беларусь цалкам забяспечвае сябе харчовым збожжам, ёсць заслуга не толькі сельгаспрадпрыемстваў, фермераў, але і дбайных вяскоўцаў, якія вырошчваюць зерневыя на сваіх прысядзібных участках. Пра іх стараюцца не забываць. КСУПы выдзяляюць камбайны пасля таго, як асноўныя плошчы ў грамадскім сектары ўбраны. У бягучым годзе завяршыць уборку перашкаджаюць дажджы. Калі б не ападкі, зерневы клін прыватніка быў бы скошаны і абмалочаны калі не цалкам, дык напалову. Аб гэтым гаварылі спецыялісты гаспадарак, з якімі я абмяркоўвала гэтую тэму.
У КСУП імя Жукава накіравалі экіпаж камбайна КЗС-7 для ўборкі каласавых жыхарам навакольных вёсак задоўга да заканчэння жніва ў гаспадарцы. Прычым у аддаленую вёску – Бакуны, дзе пражываюць у асноўным пенсіянеры. Няхай не хвалююцца ветэраны працы за свой ураджай. Але ж Аляксандр Краўчанка і Валянцін Пратасаў паспелі ўбраць зерневыя на пяці агародах. Тэхніка падвяла, выйшла са строю. Работа часова спынілася, таму дапамагаць вяскоўцам будуць іншыя экіпажы. І не адзін, бо, акрамя Бакуноў, іх чакаюць у Бурках, Кавалях, Мікулічах, Марытоне, Конанаўшчыне, Рыжкаве, Дуброўным. Дзесяці камбайнам хопіць работы на тыдзень. Толькі б надвор’е ўсталявалася.
Па словах работнікаў бухгалтэрыі, расцэнка за сотку для ўсіх аднолькавая, незалежна ад таго, працуе чалавек у гаспадарцы ці знаходзіцца на заслужаным адпачынку, – дзве тысячы. Мабыць, так і павінна быць, бо сабранае зерне калі не пойдзе ў агульны каравай рэспублікі, дык застанецца на корм дамашняй жывёле і птушцы. Атрыманыя малако і мяса на падворку вяскоўцаў будуць садзейнічаць насычэнню рынку і харчовай бяспецы.
Беларускія вучоныя стварылі новыя сарты пшаніцы, якія не ўступаюць па сваіх спажывецкіх уласцівасцях замежным аналагам. А жытнёвага зерня заўсёды было дастаткова. Перспектыўныя сарты сельгаскультур, якія вырошчваюць на палях сельгаспрадпрыемстваў, потым распаўсюджваюцца і прыжываюцца на прыватных сотках.
Толькі б радзіла збажына, каб беларусы заўсёды былі з хлебам. А ўбраць змогуць агульнымі намаганнямі.
Ніна СІНІЛАВА