Што значыць быць настаўнікам? Гэта значыць быць адказным, добрым і, вядома, любіць дзяцей, дзеля якіх і быў аднойчы зроблены выбар…
Настаўнікамі выпадкова не становяцца. Большасць з тых, хто працуе ў школе, марылі аб гэтым з дзяцінства. Надзея Мікіцічна Махнач не выключэнне. Яна абрала сваю прафесію па загадзе сэрца, і ішла да яе мэтанакіравана. Пасля заканчэння Лоеўскага педагагічнага вучылішча працавала ў Верхнежараўскай пачатковай школе. А ў 1989 годзе перайшла ў Хракавіцкую САШ.
Доўгі час Надзея Мікіцічна вяла па пачатковых ступенях ведаў сваіх маленькіх вучняў. Знайсці ключык да кожнай дзіцячай душы – справа не з лёгкіх, але яна прыносіць шмат радасці, калі бачыш станоўчыя вынікі сваёй дзейнасці, калі ў хлопчыкаў і дзяўчынак прачынаецца жаданне чытаць, пісаць, лічыць… Сёння многія з іх ужо дарослыя, з’яўляюцца выдатнымі спецыялістамі ў розных галінах. Прыемна, што некаторыя абралі для сябе прафесію настаўніка.
Дарэчы, сярод выкладчыкаў Хракавіцкай САШ каля паловы – былыя вучні школы. Толькі за апошнія тры гады пасля заканчэння навучальных устаноў вярнуліся ў родныя сцены сем чалавек. І ў гэтым годзе педагагічны калектыў папоўніўся двумя маладымі спецыялістамі: Ірына Пяшкун будзе працавайць настаўніцай біялогіі і хіміі, а Святлана Капур – настаўніцай геаграфіі і педагогам-арганізатарам.
Вышэйшую адукацыю Надзея Мікіцічна Махнач атрымала ў 1997 годзе, закончыўшы Мазырскі педуніверсітэт. Зараз яна – намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, выкладае беларускую мову і літаратуру ў пятым класе. 21 год у прафесіі. За гэты час праз яе душу і сэрца прайшло не адно пакаленне школьнікаў. І сёння яна з упэўненасцю кажа, што работа настаўніка – справа ўсяго яе жыцця.
Працоўны шлях Мікалая Васільевіча Яшчука як дырэктара Хракавіцкай САШ пачаўся два гады назад. Ураджэнец Ельскага раёна прыйшоў у школу настаўнікам біялогіі і хіміі. Праз год стаў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, яшчэ праз такі ж час – дырэктарам. Дарэчы, вёску Хракавічы выбраў самастойна, праз абласное ўпраўленне адукацыі, куды малады настаўнік звярнуўся ў пошуках працоўнага месца, і ні разу не пашкадаваў аб гэтым.
– Для мяне як для кіраўніка важна пабудаваць адукацыйны працэс так, каб ён быў максімальна зручны і для вучняў, і для настаўнікаў, – гаворыць Мікалай Васільевіч. – Наша школа – адна з найстарэйшых на Брагіншчыне, славіцца сваімі традыцыямі і, мы ўпэўнены, мае вялікі патэнцыял на будучыню. Тут працуе згуртаваны, творчы калектыў, для якога асноўнае – дзеці. У новым навучальным годзе ўстанову будуць наведваць 83 школьнікі, у тым ліку пяцёра першакласнікаў. Разам з імі мы зноў і зноў будзем вучыцца быць цярплівымі, пераадольваць сябе, спасцігаць жыццёвыя ісціны.