Жніво падыходзіць да завяршэння. Але толькі тады ўздыхнуць хлебаробы з палёгкай, калі апошні камбайн пакіне поле, а машыны перавязуць усё намалочанае збожжа на зерняток. Пакуль жа кожны дзень для іх – на вагу золата: неабходна не толькі ў тэрмін і без страт сабраць вырашчанае, але і не прапусціць час закладкі падмурка ўраджаю на 2012 год.
Вядома, што лепшых працаўнікоў трэба заахвочваць, як маральна, так і матэрыяльна. Чарговы візіт у КСУП “Чамярыскі”, звязаны з гэтым прыемным момантам, адбыўся ў панядзелак. Намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Раманюк, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Наталля Куцько віншавалі камбайнераў-тысячнікаў. Падзяку ад раённага Савета дэпутатаў атрымалі Сяргей Фалей і Рыгор Сніцарэнка, граматы ад райвыканкама – Ігар і Вячаслаў Салдаценкі.
Несумненна, чалавечы фактар – важны складальнік паспяховага жніва. Бываючы ў гаспадарках, не перастаю здзіўляцца працавітасці людзей аграпрамысловага комплексу – яны ў полі з раніцы да позняга вечара. Дарэчы, каб не марнаваць дарэмна час у дажджлівае надвор’е, камбайнеры “Чамярыскага” змянілі род заняткаў. Зараз яны займаюцца падрыхтоўкай глебы да восеньскай сяўбы і нарыхтоўкай кармоў.