Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў сабралі школьны партфель для Ірыны Шкурко з вёскі Кавалі.
Ірына выхоўваецца ў шматдзетнай сям’і. Яе маме было складана адной набыць усё небходнае да школы, бо вядома, што сёння нават самы мінімальны набор для вучня каштуе нятанна. Новы ранец і пісьмовыя прылады ўручалі дзяўчынцы старшы інспектар групы кадраў РАУС Аляксандр Ефіменка, педагог-псіхолаг аддзела адукацыі Таццяна Грышан і метадыст сектара аховы правоў дзіцяці Рамуальда Пішчук, пажадаўшы ёй добрай вучобы і толькі на “выдатна”.
На заклік падтрымаць сем’і з нізкім дастаткам, якія маюць дзяцей школьнага ўзросту, адгукнуліся многія арганізацыі раёна. Асабліва іх падарункам радаваліся будучыя першакласнікі. Заўтра ў малышоў асаблівы дзень – яны ўпершыню сядуць за школьныя парты, для іх прагучыць і першы школьны званок, абвясціўшы аб пачатку новага цікавага жыцця.
Менавіта для таго, каб дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў не адчувалі сябе ў гэты дзень абдзеленымі, і была запланавана дабрачыная акцыя. Дзякуючы неабыякавым людзям новы навучальны год для ўсіх хлопчыкаў і дзяўчынак пачнецца святочна, і гэта, безумоўна, стане стымулам для стараннай вучобы.