У ліку хлебаробаў-тысячнікаў – вадзіцелі КСУП “Саўгас “Камарынскі” Міхаіл Яўсеенка і Уладзімір Петруненка. Надзейныя працаўнікі аддалі роднай гаспадарцы не адзін год, і ні разу не расчараваліся ў абранай прафесіі, напэўна, самай запатрабаванай у сельскай мясцовасці. Для ўручэння ім грамат ад раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў, а таксама падарункаў у сельгаспрадпрыемства завіталі намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мікалай Раманюк, галоўны аграном райсельгасхарчу Пётр Бухавец і спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Наталля Куцько.
У апошні час усё больш увагі надаецца не лічбам і планам, а тым, хто жыве і працуе на зямлі. Пазбягаючы гучных слоў, а часам і адкрыта хаваючыся ад фотакамеры, гэтыя людзі не здраджваюць хлебаробскай працы, якая заўсёды была не толькі ганаровай, але і цяжкай. Яны любяць свой край, душой хварэюць за вытворчасць, таму без перабольшвання можна сказаць, што менавіта такія людзі – галоўнае багацце і гарант росквіту гаспадаркі.