Дастойныя прадстаўнікі калектыву

Грамадства

Па знешнім выглядзе домаўладання можна вызначыць, хто яго гаспадар. Калі сядзіба дагледжаная, значыць, і людзі тут пражываюць працавітыя і акуратныя. Каля дома Аляксандра Нікіценкі нашу ўвагу прыцягнуў самаробны трактар. Як потым ён растлумачыў, дапамог зрабіць мясцовы ўмелец, якога жартам называюць Кулібіным. У дамашняй гаспадарцы проста незаменны. Аляксандр Аляксандравіч лічыцца адным з лепшых даглядчыкаў не толькі ў КСУП “Брагінка”, але і ў раёне, ды і ў рэспубліцы. Парадак у яго і на падворку.


На мясцовай ферме яны працуюць  удваіх з жонкай. Наталля  Уладзіміраўна, як і муж, дабіваецца добрых вынікаў, адносіцца да катэгорыі тых, хто ў рабоце сябе не шкадуе. Яна – аператар машыннага даення. Прафесія ў наш час у вёсцы запатрабаваная, бо тут не хапае ўмелых рук.  Таму ёй даводзіцца даіць кароў нават у час водпуску. Гэтыя абставіны не вельмі  засмучаюць. Разумее, што падмяніць яе няма каму, ды і капейка не пашкодзіць.


Па характары яны розныя. Наталля Уладзіміраўна больш гаманкая, непрымірымая да недахопаў, прынцыповая. Калі з чым не згодна, стараецца адстаяць сваю пазіцыю. Асабліва, калі гэта датычыцца вытворчасці, аплаты працы, адносін  да работы. Бываюць у жыцці сітуацыі, калі маладзейшым неабходна дапамагчы не толькі справай, але і словам. Падтрымаць або, наадварот, паўшчуваць, выказаць свае адносіны ў рэзкай форме. Дзейнічае. Таму з задавальненнем і спецыялісты, і Наталля Уладзіміраўна адзначаюць, што на ферме в. Новы Пуць працуюць сумленныя даяркі – гонар  гаспадаркі.


У ліку такіх – і Марыя Пятроўна Лазовік. Два гады ўжо на пенсіі, але ж па-ранейшаму спяшаецца кожную раніцу на працу. Стаж аператара машыннага даення ў яе немалы, амаль тры дзесяцігоддзі. На мясцовую ферму прыйшла ў 1983-м. Сумленна працавала ўсе гады, адна паднімала на ногі чацвярых дзяцей. Такой маці можна ганарыцца, яе паважаюць як адданага справе чалавека, сціплага і надзейнага. Малады спецыяліст, які суправаджаў нас у паездцы па гаспадарцы, выдзеліў менавіта гэтыя рысы характару Марыі Пятроўны.


А  ў  ліку  лепшых прозвішча Лазовік  сустракаецца  пастаянна. Адзначаюць сумленную  працаўніцу ў гаспадарцы, раёне. Няхай  удача не пакідае ні  яе,  ні тых, хто побач змагаецца за высокія  надоі.  На ферме в. Новы Пуць працуе шэсць аператараў машыннага даення. Шанц  выйсці ў лік перадавых  ёсць у кожнага.


Ніна СІНІЛАВА