АДКРЫЦЬ СЭРЦЫ І ДЗВЕРЫ

Грамадства

Як бы ні складваліся жыццёвыя абставіны і якія б праблемы ні ўзнікалі, а работа з дзецьмі ніколі не зойме другараднае месца. Таму і не дзіўна, што абыякавасць і безадказнасць у гэтай справе знаходзяцца пад забаронай, а на ўзбраенне бяруцца каштоўны вопыт і станоўчыя напрацоўкі, цікавыя ідэі. Так было і ў час семінара, які прайшоў у пачатку чэрвеня па ініцыятыве камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама на базе Лоеўскага раёна. У ліку ўдзельнікаў – начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі пракуратуры вобласці Валерый Фурс, намеснікі старшынь КСН абласнога, гарадскіх і раённых выканкамаў, іншыя зацікаўленыя асобы. Тэмай для абмеркавання сталі пытанні, што датычаць занятасці  і  дзяржаўнай абароны  дзяцей,  ранняй прафілактыкі сямейнага нядобрабыту.


Сваімі ўражаннямі аб паездцы падзялілася намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Брагінскага райвыканкама Вольга Ясінская:


–Семінар  атрымаўся  змястоўным, цікавым  і насычаным, прычым не толькі ў інфармацыйным плане. Прадуманая праграма дазволіла больш падрабязна азнаёміцца  з  вынікамі прафілактычнай работы на Лоеўшчыне, абмяняцца думкамі з калегамі, выказаць свае пажаданні і прапановы.


Як цэнтр ваенна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення  нам быў прадстаўлены музей бітвы за Днепр, дзе найбольшую цікавасць выклікаў новы від паслуг – інтэрактыўная гульня-цір “Лазершот”, што карыстаецца асаблівай папулярнасцю ў падлеткаў. Параўнаць нашы і створаныя ў суседнім раёне ўмовы для атрымання спецыяльнай адукацыі дазволіла наведванне цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Хвалюючай была сустрэча з выхаванцамі сацыяльна-педагагічнага цэнтра.


Але больш за ўсё ўразіў дом сямейнага тыпу, які пабудавалі яшчэ ў 2008 годзе. Зараз  побач з бацькамі-выхавальнікамі тут пражывае шасцёра прыёмных дзяцей. Такую форму ўладкавання не заменіць, безумоўна, ніводная школа-інтэрнат.


Спадабалася  таксама  арганізацыя работы з непаўналетнімі на базе аддзела берагавой аховы в/ч 1242, дзе падлеткі маюць магчымасць  прайсці курс маладога байца, пазнаёміцца з канструкцыяй зброі. Сапраўдная мужчынская  справа  прыцягвае  асаблівую  ўвагу  хлапчукоў.


Такія   сустрэчы  з  калегамі  дазваляюць,  безумоўна, зірнуць на вынікі ўласнай дзейнасці ў параўнанні з іншымі, спасцігнуць і раскрыць сакрэты поспеху, узяць  нешта  новае  для  сябе.


Да вырашэння праблемы сацыяльнага сіроцтва ў нашым раёне таксама ставяцца з дзяржаўным падыходам. У прафілактычную работу разам з камісіяй па справах непаўналетніх уключаюцца прадстаўнікі сельскіх выканкамаў, праваахоўных органаў, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, педагогі, грамадскія аб’яднанні… Усе, хто імкнецца стаць у апазіцыю злу, адкрыць дзецям сэрцы і дзверы. Такое цеснае ўзаемадзеянне спрыяе своечасоваму выяўленню негатыўных сітуацый у сем’ях і іх аздараўленню. Адпаведныя службы ідуць насустрач у вырашэнні праблем з працаўладкаваннем, афармленнем пэўных дакументаў, і не толькі. Аказанне гуманітарнай, матэрыяльнай, адраснай сацыяльнай дапамогі, лячэнне ад алкагольнай залежнасці, выдзяленне жылля – далёка не поўны пералік рэальных спраў і канкрэтнай падтрымкі людзей, трапіўшых у цяжкую жыццёвую сітуацыю.


Зараз жа, у перыяд самых працяглых школьных канікулаў, пільная ўвага скіравана на арганізацыю паўнацэннага адпачынку дзяцей з праблемных сем’яў. І тут таксама знаходзіцца справа самым розным структурам, каб надаць кіпучай энергіі падлеткаў правільны накірунак. Рапрацаваны мерапрыемствы па рэалізацыі абласнога праекта “Лета-2011: час адпачынку, сацыяльна значных спраў”.  У раёне дзейнічаюць дзесяць лагераў дзённага знаходжання, арганізавана работа спартыўна-патрыятычнага атрада на базе Брагінскай сярэдняй школы, працоўная занятасць. І, вядома ж, будзе традыцыйны адпачынак на беразе Дняпра, дзе ў чарговы раз пры падтрымцы евангельскай царквы “Благодать” раскінецца палаткавы лагер “Новы бераг”. Тры ліпеньскія дні каля ракі на гэты раз правядуць каля 50 непаўналетніх. Такая форма адпачынку, як ужо паказала практыка, дзецьмі толькі вітаецца: яркія ўражанні, станоўчыя эмоцыі, цудоўны настрой. Калі самыя лепшыя планы, намеры і ідэі не сутыкаюцца з апатыяй, па-іншаму быць і не можа.


Валянціна БЕЛЬЧАНКА