Занятак знайшоўся кожнаму

Грамадства

 

Куды накіруюцца, чым будуць займацца ў дзень суботніка, 16 красавіка, у працоўных калектывах ведалі загадзя. Рабочая група па яго падрыхтоўцы і правядзенні,  якую ўзначальвала намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва, абазначыла аб’екты і прадпрыемствы, на якіх патрабавалася  дадатковая рабочая сіла. Як і ў папярэднія гады, дапамогі чакала вёска, дзе шырокім фронтам вяліся палявыя работы, ішла падрыхтоўка да пашавага ўтрымання. У КСУП імя Жукава неабходна было перабраць бульбу, у “Малажынскім”  і “Брагінцы” – выгарадзіць кашару, высекчы дрэвы і кустарнікі, “Чамярыскім” – пабяліць сад у  Хракавічах.


Перабраць насенную бульбу  дапамаглі таксама працаўнікам КСУП “Малажынскі”, “Пераможнік”, а ў КСУП ордэна Леніна “Брагінскі” (в. Гарадзішча) –  абрэзаць і пабяліць сад.
Калектывы некаторых арганізацый  і  ўстаноў Брагіна наводзілі парадак на замацаваных тэрыторыях, падграбалі, рабілі клумбы, фарбавалі агароджу. Свой уклад у добраўпарадкаванне райцэнтра ўнеслі індывідуальныя прадпрымальнікі. Галіна Малая, Радж Гуліеў, Валянціна Герда разам з начальнікам аддзела нарыхтовак раённага спажывецкага таварыства Анатолем Снегіром выграблі смецце, якога каля канавы за  тэрыторыяй рынка  сабралася шмат.  Засталося вывезці  яго,  каб вецер  не  разносіў  ва  ўсе  бакі.


Працавалі ў гэты дзень брагінчане сумленна, разумеючы, што чысціню і парадак наводзяць для сябе. Прыемна будзе прайсці потым па вуліцах, дзе не валяецца смецце, дзе ў хуткім часе зацвітуць кветкі. Участак  вакол могілак  (вуліца Камсамольская) прывялі ў належны стан  работнікі  ваенізаванай аховы, філіяла  “Энерганагляд” РУП “Гомельэнерга”,  Брагінскага філіяла КУП “Гомельаблпаліва” і іншых. Ажыўлена было і на вуліцы Чалідзе. Сюды накіраваліся работнікі КЖУП “Брагінскае”, каб пафарбаваць агароджу, вывезці галлё абрэзаных дрэў. Дапамагалі ім дарожнікі (ДЭУ-148) і работнікі ЦБП №306 філіяла №300 Гомельскага абласнога ўпраўлення  ААТ “ААБ Беларусбанк”.


Старшыні  сельскіх выканкамаў далучылі да ўборкі населеных пунктаў,  добраўпарадкавання могілак  жыхароў  вёсак. Справа  знайшлася ўсім: вывозілі  хлам,  які скапіўся  за  зіму, рамантавалі агароджу,  фарбавалі яе.


А ўсяго ў суботніку прыняло ўдзел  5170 чалавек. Прадугледжваецца  пералічыць на спецыяльны рахунак суму ў межах 50 млн рублёў.


Ніна СІНІЛАВА