ПРАДУКЦЫЯ ЁСЦЬ. Яшчэ б эканамічны эфект дадаць

Сельская гаспадарка

Справаздачныя сходы ў “Брагінскім” – заўсёды свята, таму што на іх не толькі вынікі работы падводзяцца, аналізуюцца, але і знакамітыя калектывы, артысты запрашаюцца, каб падараваць вяскоўцам добры настрой і прыемныя хвіліны адпачынку. Сёлета мерапрыемства праходзіла больш сціпла, але не менш урачыста. Магчыма, таму, што не сцерліся, жывуць у памяці моманты гістарычнай падзеі – святкавання 90-гадовага юбілею ордэна Леніна КСУП “Брагінскі”, пра які даведалася ўся рэспубліка. Аб тым, як прыгожа адзначалі працаўнікі праслаўленай і найстарэйшай у Беларусі гаспадаркі гэтую дату, расказвася і паказвалася па тэлебачанні не аднойчы. Створаны  фільм, героямі якога былі многія ўдзельнікі сходу, паглядзелі яшчэ раз. Смяяліся ад душы: і над сабой, і над калегамі,  калі ўбачылі асобныя моманты свята, якія праграміст Аляксандр Хадасок (здымкі паралельна вёў і ён) занатаваў у час весялосці. Перад пачаткам важнай  і сур’ёзнай размовы гэта было якраз дарэчы.


Справаздачныя сходы ў “Брагінскім” – заўсёды свята, таму што на іх не толькі вынікі работы падводзяцца, аналізуюцца, але і знакамітыя калектывы, артысты запрашаюцца, каб падараваць вяскоўцам добры настрой і прыемныя хвіліны адпачынку. Сёлета мерапрыемства праходзіла больш сціпла, але не менш урачыста.А распачала яе галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Алена Федарэнка. Адзначыўшы, што летась на карову атрымана па 5124 літры малака, а сярэднясутачныя прывагі маладняку буйной рагатай жывёлы склалі па 628 грамаў, Алена Адамаўна расказала прысутным аб планах на 2011-ты:  перайсці на круглагадзічнае ўтрыманне жывёлы, як гэта робіцца ў Расіі і краінах Еўропы, абнавіць дойны статак,  настойліва ўкараняць навейшыя тэхналогіі ў вытворчасць, павялічыць пагалоўе.


– Атрымліваць прадукцыю любой цаной – не наш метад і не на такі вынік мы разлічваем, – падкрэсліла заатэхнік. – Не менш важны эканамічны паказчык.


Увод нецеляў у асноўны статак складзе 40%, з гэтай мэтай вырашчана 400 галоў цялушак. Вялікім мінусам у рабоце жывёлагадоўчай галіны з’яўляецца невыкананне задання па павелічэнні пагалоўя (3800 галоў замест 4250, або 89,4%); паморак (склаў 94 галавы, на 18 больш узроўню 2009 года); забой (444 галавы, +275). Працэнт выбыцця да абароту статка вымяраецца лічбай 10,5, у сярэднім па раёне ён роўны 2,9. Алена Адамаўна растлумачыла гэта скучанасцю жывёлы ў памяшканнях і папрасіла выдзеліць сёлета 1 млрд рублёў  на  будаўніцтва  цялятніка на 400 галоў з замкнёным цыклам вырошчвання і кароўніка ў Вуглах з даільнай залай.


Галоўнаму інжынеру Уладзіміру  Свірыдзенку расказваць пра дзейнасць сваёй галіны было лягчэй. Тэхнікі, як айчыннай, так і замежнай, гаспадарка набывае шмат. У гэтым сэнсе “Брагінскі” з’яўляецца для іншых прыкладам. Па словах Уладзіміра Васільевіча, механізатары даказалі, што ім падуладна любая, нават нямецкая, аб чым сведчаць высокая выпрацоўка і дасягнутыя поспехі, удзел у рэспубліканскіх фестывалях-кірмашах “Дажынкі”. А ў бліжэйшы час неабходна ўвесці ў эксплуатацыю пункт тэхнічнага абслугоўвання, абсталяваць яго.


Колькі грошай атрымалі за год і як імі распарадзіліся, прысутныя ў зале даведаліся з выступлення галоўнага бухгалтара Алены Дзегцярэнкі. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 6 млрд 678 млн рублёў, на 396 млн больш, чым у 2009-м. Чысты прыбытак атрыманы ў суме 2 млрд 183 млн, рэнтабельнасць – 36,2%. Прыбытак ад рэалізацыі – 54 млн  пры  рэнтабельнасці  0,9%.  У 2009-м яна была на 7,1 працэтнага пункта большая, што сведчыць аб пагаршэнні работы з пункту гледжання эканомікі.


Аб тым, што энергарэсурсы ў КСУП “Брагінскі” выкарыстоўваюць беражліва, гавораць лічбы. За месяц зэканомлена да 10 тысяч кВт. Пра гэта гаварыў галоўны энергетык Раман Козел. Тут адмовіліся ад падагрэву вады электраўстаноўкамі, транспарцёраў для выдалення гною, лямпаў напальвання. Зроблена нямала, але ж дырэктар гаспадаркі папрасіў расказаць, што яшчэ запланавана. Як высветлілася, замена лямпачак на энергазберагальныя, прымяненне мясцовых відаў паліва (дроў), а яшчэ павышэнне патрабавальнасці да ўсіх кадраў.


Падводзіць вынікі работы і абагульняе сказанае звычайна дырэктар сельгаспрадпрыемства Анатоль Хадасок. Так было і на гэты раз. Калектыўны дагавор зацвердзілі летась, таму сёлета да яго не вярталіся. Паправак і заўваг не было.


Анатоль Іванавіч пачаў сваё выступленне з таго, што неабходна строга захоўваць дысцыпліну,  як  працоўную, так і тэхналагічную, і праілюстраваў гэта на прыкладзе. Выдача стартавых камбікармоў дазволіла атрымліваць вышэйшыя сярэднясутачныя прывагі маладняку. А вось хвароба кароў на мастыты – упушчэнне жывёлаводаў, гэтак жа як і ўвод нецеляў у асноўны статак.


Вытворчасць і рэалізацыя малака даюць прыбытак, у той час як мяса – страты. І на гэта ёсць прычына: перарасход кармоў. Як потым адзначыць у сваім выступленні начальнік планава-эканамічнага аддзела ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянціна Дзегцярэнка, страцілі з-за гэтага 4 млрд 524 млн рублёў. Неабходна перагледзець структуру пасяўных плошчаў. Калі статак пасвіцца на выдзеленых для гэтага бабовых культурах, надоі малака павышаюцца. Перагоняць на іншы ўчастак – наадварот. Калі ўдасца ажыццявіць задуманае і дасягнуць высокіх вытворчых паказчыкаў у звязцы з эканамічнымі, будзе працягнута маштабнае будаўніцтва. Задума дырэктара – акрамя дзесяці домікаў для працаўнікоў гаспадаркі, пабудаваць добра абсталяваны дзіцячы гарадок. А яшчэ – летні амфітэатр. Каб жыццё ў аграгарадку бурліла, неабходна прыкласці намаганні ўсім структурам і службам, якія размешчаны на тэрыторыі Вуглоўскага і Малейкаўскага сельскіх Саветаў.


Як прызнаўся Анатоль Іванавіч, ёсць у яго даўняя мара, якую спрабаваў ажыццявіць: цэх па перапрацоўцы прадукцыі, без якога цяжка выжываць. Ад яе не адступіўся і сёлета.


З глыбокім аналізам дзейнасці сельгаспрадпрыемства за мінулы год выступіла Валянціна Дзегцярэнка. Несумненна, вяскоўцы заслугоўваюць слоў пашаны і павагі за сваю самаадданую працу, асабліва ва ўмовах анамальных кліматычных тэмператур мінулага года. Прадукцыйнасць працы ў “Брагінскім” вышэйшая, чым у астатніх сельгаспрадпрыемствах. На аднаго працуючага атрымана прадукцыі на суму 73,3 млн рублёў (у раёне – на 43,8 млн). Прыбытак ад рэалізацыі – 994,1 млн пры сярэднераённым 725 млн. Толькі “Брагінскі” выканаў заданне па росце заработнай платы. Гатункам “экстра” рэалізавалі 7,4% малака, вышэйшым – 91,6% з масавай доляй тлушчу 3,72%.


А якую ўвагу ўдзяляюць сацыяльнай сферы! Можна толькі парадавацца за людзей. Ды і царкву пабудавалі за ўласныя грошы. Умеюць працаваць і адпачываць. Вунь які юбілей адзначылі!  Удзельная вага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства – 16,4% ад агульнараённай вытворчасці прадукцыі, жывёлагадоўчай нават больш – 18,3%.


Сёлета неабходна звярнуць увагу на такія паказчыкі, як выхад кармавых адзінак з сельгасугоддзяў (атрымалі 25,4 цнт супраць 34,5 цнт у 2009-м), з ворыўных земляў – 28 цнт. У 2009-м было 33,4 цнт. Таварнасць малака складае 74,8%, у той час як па раёне – 79%. Страты ад нізкай таварнасці вылічваюцца  сумай  448,8  млн  рублёў.


Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, як падкрэсліла Валянціна Рыгораўна, павінна складаць не менш 25%, кожны ўкладзены рубель даваць аддачу. Гаспадарыць давядзецца больш эфектыўна. І гэта пры тым, што дасягнулі за гады нястомнай працы многага.


Неабходна сказаць і вось аб чым. У час абласнога семінара з удзелам старшыні аблвыканкама Уладзіміра Дворніка ўвага старшынь райвыканкамаў была звернута на будаўніцтва вытворчых памяшканняў гаспадарчым спосабам, аб якім расказваў Анатоль Іванавіч, калі наведалі КСУП “Брагінскі”. Цяпер сюды кожны дзень прыязджаюць прадстаўнікі з раёнаў вобласці, каб павучыцца. Сапраўды, узвесці хлеў не за астранамічныя сумы, а за 180-200 млн, якія акупяцца за паўтара гады – гэта па-гаспадарску. Што ж датычыць сваіх пралікаў, то іх ведаюць, і намецілі шляхі ўхілення. Напярэдадні сходу адбыўся эканамічны савет, на якім спецыялісты і дырэкцыя дэталёва прааналізавалі, дзе страцілі і па якой прычыне. Памылкі не павінны паўтарыцца. Гэта не ў характары кіраўніка і яго падначаленых.


Лепшым працаўнікам сельгаспрадпрыемства былі ўручаны каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.


Сваім майстэрствам працаўнікоў вёскі радавалі ў той дзень самадзейныя артысты Брагінскага РДК – Мар’яна Крымская і Артур Джулакян.


Ніна СІНІЛАВА