На маю думку, жыццё раёна на старонках “Маяка Палесся” асвятляецца ўсебакова. Што датычыць сельскай гаспадаркі, то добрых матэрыялаў, тэматычных падборак шмат. На працягу ўсяго года – ад пасяўной да ўборачнай кампаніі – шырока асвятляўся ход правядзення палявых работ, называліся імёны лепшых. Пісаць пра людзей працы патрэбна больш. Не скажу, што такіх матэрыялаў няма. Змяшчаюцца фотаздымкі, подпісы пад іх. Хацелася б прачытаць цікавы нарыс пра чалавека, які сваёй працай праслаўляе Брагіншчыну, прасачыць за яго жыццёвым шляхам, даведацца, як ішоў да майстэрства, высокіх вытворчых паказчыкаў. І пры гэтым не забыць сказаць, што ён, акрамя высокіх заробкаў, мае і павагу людзей.
Многія, ведаю, не прамянялі вёску на горад, засталіся тут па поклічу сэрца, як гэта пафасна ні гучыць. Чаму людзі на схіле гадоў пераязджаюць у родную вёску, каб дажыць тут свой век? Ды таму, што звязаны з гэтымі мясцінамі нябачнымі ніцямі.
Механізатар у полі – Бог. У нашых КСУПах ёсць такія прафесіяналы, якім цаны няма. Каб не пакрыўдзіць і не забыць узгадаць кагосьці, не буду называць пайменна нікога. Іх і так ведаюць. Скажу толькі, што дзякуючы кемлівасці гэтых людзей і ўменню працаваць нятанная замежная тэхніка на нашых палях выдае рэкордныя тоны зерня і зялёнай масы. Вось хто заслужыў павагу!
Варта было б паказваць плюсы і мінусы прафесіі механізатара, каб сучасная моладзь не баялася заставацца пасля школы ў вёсцы, весці на старонках мясцовага выдання прафарыентацыю. І мы, спецыялісты, не павінны заставацца ўбаку. Па-ранейшаму не хапае ў раёне аграномаў, заатэхнікаў, ветурачоў. Вяртаюцца да нас пасля вучобы ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у асноўным ураджэнцы гэтых месц. Адрадзіць свой край, пакінуць добры след на зямлі продкаў змогуць выпускнікі нашых школ, якія марылі аб гэтым з дзяцінства. Неабходна пабуджаць іх да гэтага прыкладамі з біяграфіі ветэранаў працы Брагіншчыны, пра якіх напісана ў кнізе “Памяць”, сённяшніх умельцаў, якім апладзіравалі на рэспубліканскіх кірмашах-фестывалях “Дажынкі” у час уручэння Ганаровых дыпломаў і падарункаў.
Лічу, мала рыхтуецца матэрыялаў пра тое, чым жыве вясковая моладзь, як праводзіць свой вольны час, якія ўмовы створаны для культурнага адпачынку. Аграгарадкі – гэта добра, але і пра маленькія вёсачкі не варта забываць, дзе некалі бурліла жыццё. Там жа засталася душа тых, хто ў іх жыў.
Асаблівае месца, на мой погляд, павінны заняць публікацыі пра здаровае харчаванне. Як атрымаць экалагічна чыстую прадукцыю, ведаюць не ўсе. Мяркую аб гэтым па пытаннях, якія задаюць мне як аграному. Інфармацыі, відаць, недастаткова.
А ў цэлым хачу падзякаваць калектыў за цікавую газету. Выклікае недаўменне той факт, што не ўсе выпісваюць “Маяк Палесся”. Хаця, як мне здаецца, перавагу яму неабходна аддаваць перад рэспубліканскімі і іншымі выданнямі. Іх магло б быць і менш, а вось раёнцы – зялёнае святло, бо ў ёй адлюстроўваецца наша жыццё. Таму і выказаў свае заўвагі калектыву рэдакцыі, што давяраю яму, цаню працу мясцовых журналістаў і зычу ім усяго найлепшага.
Пятро БУХАВЕЦ,
ураджэнец Лоеўшчыны, пастаянны падпісчык