Лічбавае інтэрактыўнае тэлебачанне (ZALA) адкрыла для карыстальнікаў надзвычайныя магчымасці дамашняга тэлепрыёмніка, дазволіла глядзець тое, што падабаецца, у якасным адлюстраванні. Для жыхароў нашага раёна яно стала даступным два гады таму. Першы абанент зарэгістраваны 28 верасня 2008-га. Ім стаў малады брагінчанін. А праз месяц пачалося маштабнае падключэнне, прычым, бясплатна. Яшчэ 47 чалавек змаглі ацаніць перавагі кабельнага ТВ з інтэрактыўнасцю сеткі Інтэрнэт.
У 2009-м колькасць абанентаў павялічылася на 390, на сёння іх налічваецца 600. Затым новая паслуга была прапанавана ў Камарыне, а пасля выкананага аб’ёма работ – вяскоўцам. Гледачамі інтэрактыўнага тэлебачання сталі жыхары Вуглоў, Дубліна, Краснага, а днямі — і Малеек.
— Брагінскі РУЭС Гомельскага філіяла “Белтэлеком” пастаянна праводзіць акцыі па зніжэнні кошту падключэння да кабельнага ТВ, абанентскай платы, — расказвае намеснік начальніка раённага вузла электрасувязі Аляксандр Халіманчык. — Каб адкрыць для сябе надзвычайныя магчымасці простага тэлевізара, не трэба ўстанаўліваць розныя антэны, дастаткова быць абанентам тэлефоннай сеткі.