Чацвёрты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 6-7 снежня 2010 года. Адпаведны Указ 531 падпісаў 13 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Сход склікаецца ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця. На абмеркаванне чацвёртага Усебеларускага народнага сходу выносяцца пытанні аб выніках рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады і аб асноўных палажэннях праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2011-2015 гады.
Указам устаноўлена колькасць удзельнікаў сходу – 2,5 тысячы чалавек, вызначаны важнейшыя арганізацыйныя мерапрыемствы па яго падрыхтоўцы і правядзенні. Як стала вядома, ад нашага раёна паедзе дэлегацыя ў колькасці васьмі чалавек, у складзе якой – член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Гомельшчыны, дырэктар рэспубліканскага навукова-даследчага ўнітарнага прадпрыемства “Інстытут радыялогіі” Віктар Аверын. Вылучэнне ўдзельнікаў чацвёртага Усебеларускага народнага сходу пройдзе спачатку ў калектывах. Менавіта яны вырашаць, хто ўдастоены такога гонару.
– На чацвёртым Усебеларускім народным сходзе трэба будзе зацвердзіць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады. Ужо стала палітычнай традыцыяй, што гэты глабальны дакумент, які прадвызначае далейшыя перспектывы дзяржавы, прымаецца не ў чыіх-небудзь кабінетах, няхай нават самых высокіх, а непасрэдна народам у асобе прадстаўнікоў, якім людзі давяраюць такія паўнамоцтвы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Кожны грамадзянін краіны зможа прыняць удзел у вызначэнні стратэгіі развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў.
Прэзідэнт перакананы, што якім бы маштабным не быў дакумент, ісці ён павінен ад жыцця.
– Думаю, гэта і ёсць нагляднае пацвярджэнне праяўлення ўлады народа. Не якая-небудзь дэмагогія, а такія вось канкрэтныя прыклады, якія даюць магчымасць любому грамадзяніну ажыццяўляць кіраванне дзяржавай, – лічыць Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця вельмі напружаная і дынамічная. – Інакш і не можа быць, калі мы паставілі за мэту стварыць абноўленае аблічча Беларусі, – перакананы кіраўнік дзяржавы.
Падрыхтавала Ніна Сінілава