Калі ў сельгаспрадпрыемстве “Саўгас “Камарынскі” зайшла размова аб тым, каго сёлета адправіць на раённы конкурс аператараў машыннага даення, было вырашана – Алену Федаровіч. Нягледзячы на тое, што была самай маладой, яна выдатна справілася з тэарэтычнымі і практычнымі заданнямі.
Пасля заканчэння школы Алена вырашыла застацца ў вёсцы. Не паехала з сяброўкамі, якія клікалі яе за сабою ў горад. З дзяцінства прыкіпела сэрцам да родных краявідаў, не змагла прамяняць іх на гарадскія даброты. Да сялянскай працы прывучылі яе бацькі.
Уладкавалася на працу ў гаспадарку. Тут добрасумленныя аператары машыннага даення заўсёды ў пашане. Лёс склаўся так, што на некаторы час выязджала ў Мінскую вобласць. Але не змагла там доўга жыць, цягнула дадому. Вярнулася назад, пайшла аператарам машыннага даення на МТФ “Бярозкі”. Вядома, нялёгка справіцца з групай, у якой 60 галоў жывёлы. Да таго ж, у абавязкі ўваходзіць догляд нованароджаных цялят. А іх колькасць часам даходзіць да 10-15. Працоўны дзень у даярак пачынаецца вельмі рана – у чатыры гадзіны. Дома таксама не менш спраў – чакаюць гаспадарка, агарод. Тут на дапамогу ёй прыходзіць сын-школьнік.
Пра свой калектыў Алена гаворыць з захапленнем, радуючыся тым добрым зменам, якія адбыліся за апошні час. Побач з іх памяшканнем вялася рэканструкцыя кароўніка з малакаправодам. Цяпер не патрэбна будзе насіць бачкі з малаком, і праца жанчын аблегчыцца. Зіму калектыў сустрэне ў абноўленым памяшканні.
Таццяна ЦІШКЕВІЧ