Раённая газета ў руках перадавога механізатара… Заканамернасць ці выпадковасць? Хутчэй за ўсё — першае. Мясцовае выданне разлічана на шырокае кола чытачоў, але ж менавіта пра іх, людзей вёскі, мы пішам часцей. Раён жа сельскагаспадарчы, ад таго, як працуе аграпрамысловы комплекс, залежыць і дабрабыт кожнага з нас. Здаецца, ні адзін год жыхары райцэнтра не ехалі з такой ахвотай у КСУП “Брагінка”, каб і гаспадарцы дапамагчы, і самім запасціся бульбай, цыбуляй. На сваіх сотках з-за спякотлівага надвор’я многія такую гародніну вырасціць не змаглі, а тут яна, дзякуючы адпрацаванай тэхналогіі, нядрэнная.
І хаця Аляксандр Заранік працуе не ў гэтым сельгаскааператыве, а ў КСУП ордэна Леніна “Брагінскі”, яму цікава, што адбываецца ў суседзяў, як ідуць справы. Дзе пра ўсё гэта даведаешся, як не з мясцовага выдання? Дарэчы, гэта не адзіная прычына, па якой сям’я Аляксандра выпісвае “Маяк Палесся”. Многа тут і іншай інфармацыі, як азнаямляльнага, так і павучальнага характару. Пасля напружанага працоўнага дня возьмеш газету ў рукі, і ты ўжо ведаеш, што адбылося за апошні час у раёне, хто прыязджаў з візітам, якія змены адбудуцца ў бліжэйшы час. А прачытаць пра сваіх землякоў і іх поспехі ўвогуле прыемна. Без “Маяка Палесся” жыццё не было б такім насычаным.
Падрыхтавала Ніна СІНІЛАВА