На мінулым тыдні на зямлі Гродзеншчыны, у горадзе Лідзе, на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2010”, у чарговы раз сабраліся лепшыя хлебаробы краіны, кіраўнікі, спецыялісты і працаўнікі сельгасарганізацый. Тут былі падведзены вынікі жніва і ўзнагароджаны яго пераможцы. Свята ладзілася шырока і ўрачыста. І вельмі прыемна, што ўжо некалькі гадоў запар на галоўную сцэну рэспубліканскіх “Дажынак” падымаліся прадстаўнікі Брагіншчыны. Сваімі ўражаннямі аб гэтай незабыўнай падзеі яны падзяліліся з намі.
Генадзь КРАЎЧАНКА,
дырэктар КСУП “Чамярыскі”:
-Шлях на рэспубліканскія “Дажынкі” ні для каго не быў лёгкім. Нягледзячы на ўсе складанасці, землякі ў чарговы раз вытрымалі экзамен на працавітасць. За дасягненні на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур атрымалі Ганаровы дыплом і грашовую ўзнагароду ў памеры 30 млн рублёў. За гэтай перамогай, здабытай напружанай працай, стаяць воля, прафесіяналізм і вопыт усіх удзельнікаў уборачнай кампаніі.
І сёлета наш маладзёжны экіпаж у складзе Міхаіла Салдаценкі і Дзяніса Тарасенкі змог абысці больш старэйшых і вопытных камбайнераў. На айчынным КЗС-1218 на ўмоўны камбайн намалацілі 2197 тон збожжа і занялі другое месца. У падарунак Міхаілу – дамашні кінатэатр, Дзянісу – пральная машына.
Рыгор Малочка на “Дажынках” ужо не першы раз. Ён – лепшы малады вадзіцель, які перавёз за сезон на “ГАЗ-САЗ-3507” на ўмоўную аўтамашыну 2017 тон. На фестывалі-кірмашы яго чакала ўзнагарода – Ганаровы дыплом за першае месца і камп’ютар.
Прыемна адзначыць, што ў нашай краіне да людзей працы адносяцца з клопатам і павагай.
Аляксандр РУДАБЕЛЕЦ,
вадзіцель КСУП “Малажынскі”:
-Вестка аб тым, што мая праца была так высока ацэнена, вельмі ўсхвалявала. Да гэтага неаднаразова станавіўся пераможцам раённага спаборніцтва, у 2005 годзе – абласных. У сельскай гаспадарцы працую з 1971-га, вадзіцельскі стаж – больш сарака гадоў. Прафесія падабаецца. За гэты час зведаў кожны метр дарог, пастаянна сачу за станам аўтамашыны. Таму і прастояў у час жніва не было.
У тыя дні я адчуваў вялікую радасць і гонар за сваю зямлю, людзей, якія на ёй працуюць. Вельмі хваляваўся, калі падымаўся на сцэну. Дзякуй арганізатарам рэспубліканскіх “Дажынак” за свята для нас, вясковых працаўнікоў. Два дні ў Лідзе праляцелі незаўважна, але ў памяці застануцца надоўга. Горад сустрэў нас незвычайнай прыгажосцю, чысцінёй. Сюрпрызы чакалі ўсюды. Увагу прыцягвалі і гандлёвыя рады, і “Горад майстроў”, і выставы… Мне асабліва спадабаўся старажытны замак Гедзіміна, а таксама канцэрт беларускіх артыстаў.
Урачыста прайшла ўзнагарода перадавікоў жніва-2010 у розных намінацыях. А калі на сцэну падымаліся землякі, на вочы наварочваліся слёзы. Гэтага пачуцця словамі не перадаць.
Тыя, хто старанна працаваў на палях, вырошчваў і ўбіраў ураджай, з пачуццём гонару прымалі падзяку і падарункі. Для іх гучалі вершы і песні, словы прызнання і павагі. Няхай і надалей нашым хлебаробам садзейнічае поспех!
Таццяна ЦІШКЕВІЧ