ПА ЛЕСВІЦЫ ВЕДАЎ – СМЯЛЕЙ

Грамадства

Дзень добры, першы вераснёвы ранак! Ці прыкмеціў: вуліцы  “расквечаны” вялізнымі букетамі і шыкоўнымі белымі бантамі. Стартуе новы навучальны год.


Маці будзіць свайго малыша загадзя. Патрэбна паспець і паснедаць, і прыбрацца ў новенькі, адпрасаваны яшчэ з вечара  вучнёўскі касцюм, і не забыцца пра пунсовыя гладыёлусы… З падобных клопатаў пачаўся ранак у кожнай сям’і, дзе сталі першакласнікамі дачка ці сын. Радасны, урачысты і ў той жа час хвалюючы і некалькі трывожны момант. Ці атрымаецца ўсё? Вядома. Усе мы прыходзім на свет, каб вучыцца. І не толькі ў настаўнікаў – адзін у аднаго. Вынаходзім. Адкрываем.


Спасцігаем. Дзелімся сваімі назіраннямі і вывадамі. Да апошняй хвіліны жыцця. Школа проста з’яўляецца той першай прыступкай, з якой пачынаецца дарога ў вялікую і цудоўную, з высокай шчыльнасцю дарослага і дзіцячага насельніцтва краіну Ведаў. Яна багата натхненнем, дапытлівым розумам, радасцю пазнання… І той, хто вырашыў стаць правадніком на гэтым нялёгкім шляху, заслугоўвае толькі самых удзячных слоў і вялікай пашаны.


Настаўнікі, дзеці, бацькі. Ва ўсіх наперадзе адна дарога. Каля 2000 юных жыхароў Брагіншчыны ўвайшлі сёння ў светлыя, утульныя і прасторныя класы, 184 вучні селі за школьныя парты ўпершыню.


Першае верасня – гэта свята ўсіх, хто вучыцца і вучыць. Гэта першая настаўніца, першы ўрок, першы званок, які абвяшчае: дарога да ведаў адкрыта.  Поспехаў і натхнення вам, вучні, студэнты, настаўнікі, бацькі!


В. БЕЛЬЧАНКА