…ГУЧЫЦЬ МУЗЫКА ЖЫЦЦЯ

Грамадства

Брагінскі   раён быў   заснаваны  1  верасня   86   гадоў  назад


Вядома, што на тэрыторыі сучаснага  раёна першыя людзі з’явіліся яшчэ ў перыяд неаліту.  А першы запіс пра Брагін як пра цэнтр мясцовасці  ў летапісах датуецца 1147 годам.  Аднак самі брагінскія землі ў складзе Кіеўскага княства ўпамінаюцца раней – недзе з канца Х стагоддзя.


Неаднойчы  ворагі спрабавалі спаліць Брагін. Ён гарэў у 1147-м – у час міжусобнай барацьбы Кіеўскага і Чарнігаўскага князёў, у 1241-м – у час нашэсця  мангола-татар, а яшчэ ў 1535 і 1648 гадах. І кожны раз горад уставаў з папялішча, адраджаўся і працягваў жыць.


З сярэдзіны XIV стагоддзя брагінскія землі ўваходзілі ў склад даволі моцных у той час дзяржаў. Спачатку Вялікага княства Літоўскага, затым Рэчы Паспалітай.  Праз Брагіншчыну праходзілі вельмі выгадныя  водныя артэрыі, у тым ліку і частка шляху “з варагаў у грэкі”, што садзейнічала яе эканамічнаму і культурнаму развіццю.  У Чарнігаў, Кіеў і іншыя буйныя гарады Украіны па Брагінцы і Дняпры курсіравалі гандляры,  сплаўляўся лес.


З 1574 па 1687 Брагін з валасцямі і замкам належаў князям Вішнявецкім, потым — магнатам Канецпольскім, графам Ракіцкім і інш. Дарэчы, у канцы XVII стагоддзя ў Брагінскую воласць уваходзіла і мястэчка Хойнікі з яго ваколіцамі.


У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (канец XVIII ст.) Брагіншчына    адышла   да   Расійскай імперыі.


Пасля рэвалюцыі   ў  1917  годзе ў раёне ўсталёўваецца савецкая ўлада. У Беларусі ліквідуюцца органы буржуазнага самакіравання — гарадскія думы і ўправы, а таксама земскія ўстановы. Іх функцыі бяруць на сябе Саветы. У гэты час  Брагінская воласць разам з  Дзяражыцкай, Мікуліцкай, Ручаёўскай, Савіцкай і Іялчанскай уваходзілі ў Рэчыцкі павет Мінскай губерні.


З сярэдзіны 1919 года заснавана Гомельская губерня БССР, і  Брагіншчына стала яе часткай. Аднак у выніку новай адміністратыўна-тэрытарыяльнай рэформы ў 1924 годзе губерні, паветы  і  воласці  былі  ліквідаваны  і   ўведзены акруговыя і раённыя падзелы. На месцы ранейшых валасцей заснаваны ў тым ліку Брагінскі і Камарынскі раёны, якія ў 1962-м былі аб’яднаны.


У Вялікую Айчынную вайну на Брагіншчыне дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанская брыгада «За Радзіму». Ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў раён быў вызвалены ў канцы лістапада 1943 года войскамі Беларускага фронту і партызанскага атрада імя Катоўскага.


Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986-м  частка рэгіёну ўвайшла ў зону радыяцыйнага кантролю, частка вёсак была адселена.


Зараз на тэрыторыі раёна  размешчана 75 населеных пунктаў, адзін пасялковы і шэсць сельскіх Саветаў.  Пражывае 14 100 жыхароў,  з іх 3941 – у Брагіне, 2099 – у Камарыне, 8060 – у сельскай мясцовасці.  Плошча складае 1962 км2, працягласць з поўначы на поўдзень – 93 км, з усходу на захад – 46 км.


Брагіншчына –  наша  зямля, зямля нашых продкаў, якія дзеля яе жылі,  баранілі  ад ворага. Рабілі ўсё, каб вёснамі квітнелі сады, каб па зялёнай траве бегалі і смяяліся дзеці, каб на прасторах звінелі песні… І сёння галоўная каштоўнасць нашага маляўнічага краю, вядома ж, людзі, якія, працягваючы традыцыі сваіх папярэднікаў, з дня ў дзень робяць раён больш утульным, напаўняюць новай музыкай жыцця, каб пакінуць яго нашчадкам чыстым і прыгожым.


В.  ПАЛЯШЧУК