ЧЫМ ПАДАБАЕЦЦА “МАЯК ПАЛЕССЯ?”

Грамадства

Падпісчыца больш чым з дзесяцігадовым стажам Наталля Пятроўна Лазар з Чамярыс не задумваючыся адказвае: “Тым, што падрабязна інфармуе аб жыцці раёна, зменах, якія адбываюцца, перспектывах развіцця, знаёміць з навінамі. На яе старонках можна прачытаць пра землякоў, пераможцаў спаборніцтваў у раёне, вобласці, рэспубліцы. Нядаўна быў змешчаны здымак маёй  сястры, на агародзе якой  вырас памідор-велікан”.


Гэты пералік можна працягваць. Як прызналася Наталля Пятроўна, пераваг у мясцовага выдання перад цэнтральнымі нямала, асабліва калі ўлічыць, што яно ўздымае кола жыццёва важных праблем. Такіх, скажам, як льготы шматдзетным сем’ям, да ліку якіх адносіцца і яе. Н.П. Лазар разам з мужам выхоўвае пяцёра дзяцей. Для іх у хуткім часе з’явіцца прасторны дом на вуліцы Западная. Нідзе столькі ўвагі не ўдзяляецца праблемам радыелагічнай бяспекі, як у “Маяку Палесся”. Наталлі Пятроўне, як і іншым жыхарам забруджанай вёскі, давялося выехаць у чысты раён, але ж у 1995 годзе вярнулася  ў родныя мясціны. Якія перспектывы ў раёна, жыхароў на адраджэнне і далейшы росквіт малой радзімы, можна даведацца з раёнкі. Тут ёсць спецыяльная рубрыка: “Развіццё рэгіёна”.


Цікава ёй, гаспадыні вялікай сям’і, што трымае ўласную гаспадарку, даведацца і пра кулінарныя сакрэты прыгатавання розных страў. Матэрыялы такога характару таксама можна знайсці на старонках “Маяка Палесся”. І ўвогуле  для  чалавека,  які  нарадзіўся і вырас на Брагіншчыне, звязаў свой лёс з ёй, газета стала неад’емнай часткай існавання, як і тыя людзі, што жывуць і працуюць побач, знаёмыя прасторы, роднае і блізкае, назва якому – бацькаўшчына.


Ідзе падпіска на чацвёрты квартал. Н.П. Лазар паклапацілася, каб мясцовае  выданне  зноў  прыходзіла ў іх дом. Спачатку той, у якім жывуць зараз, а потым і ў новы.


Падрыхтавала Н. СІНІЛАВА