Святкаваць Купалле на беразе Дняпра ў Камарыне для многіх стала традыцыяй. Не здрадзілі сабе прыхільнікі народнага свята і ў гэтым годзе. У мінулую суботу сюды з’ехаліся з розных куткоў Беларусі і не толькі. Сёлета да нас завіталі нават з далёкай Амерыкі. Ужо не кажучы аб тым, што пастаяннымі гасцямі з’яўляюцца прадстаўнікі Украіны і Расіі.
Тут, на жывапісным беразе ракі, кожны год збіраецца шмат людзей. Каб адзначыць Купалле, узгадаць старажытныя традыцыі нашых продкаў, ды і проста цудоўна адпачыць сюды прыязджаюць цэлымі сем’ямі.
І на гэты раз вольны час усе праводзілі весела. Дарослыя ўдзельнічалі ў спаборніцтвах па валейболе, самыя дужыя мераліся сілай у армрэслінгу, падымалі гіру і перацягвалі канат. Знайшліся смельчакі, каб узабрацца і на высокі драўляны слуп. Пераможцы атрымлівалі падарункі.
Дзеці з вялікім задавальненнем гулялі ў гульні, прыгалі на батутах і ўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі. А калі трохі сцямнела, кожны стараўся набыць цацку, якая свеціцца ў цемры, – яшчэ адна традыцыя свята, толькі сучасная. Яе не цураліся нават дарослыя.
Яшчэ ў продкаў Купалле заўсёды суправаджалася супольнай вячэрай. Гэты звычай захаваўся і да нашых дзён – ўсялякімі прысмакамі і духмяным шашлыком вабілі да сябе ўдзельнікаў свята гандлёвыя рады.
Цікавае тэатралізаванае прадстаўленне з народнымі абрадамі і купальскімі песнямі паказалі гледачам супрацоўнікі Камарынскага гарадскога Дома культуры. Дзяўчаты ўпрыгожвалі пудзіла, збіралі лекавыя травы, плялі з кветак вянкі і вадзілі карагоды. На сцэне выступалі ансамблі “Чарэмша” (в. Чамярысы), “Весялуха” (г.п Камарын), «Беражніца» (в. Краснае) і іншыя.
Пасля канцэрта неба заззяла рознакаляровымі агнямі – традыцыйны фейерверк сімвалізаваў тое, што хутка ў лесе зацвіце папараць. У гэты ж момант у гонар жыцця і дабрабыту на беразе ракі разгарэліся купальскія вогнішчы.
Арганізатары мерапрыемства пастараліся, каб праграма была займальнай і гэта ім удалося, таму сумаваць не было калі. Завяршылася свята дыскатэкай, у час якой дыджэй прымаў віншавальныя заявы і дасылаў адрасатам музычныя падарункі.
Згодна з павер’ем, у купальскую ноч не спяць, каб не прамінуць усход сонца. Аднак з-за таго, што раённае святкаванне праходзіла крыху пазней сапраўднай даты, прытрымлівацца гэтай традыцыі не сталі. Але як бы там ні было, кожны, хто прысутнічаў у той вечар на беразе Дняпра, верыў у незвычайнасць цудоўнага старадаўняга свята.
В. ПАЛЯШЧУК