ЗАДАЧЫ ДНЯ:

Сельская гаспадарка

назапашваць  кармы, павялічваць  вытворчасць  прадукцыі, рыхтавацца  да  жніва, весці  догляд  пасеваў


Начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок акрэсліў праблемы, якія патрабуюць вырашэння, па кожнай сферы.


ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ


Цыклон, які абрынуўся на нашу вобласць і прынёс небывалую спёку, адмоўна паўплываў на вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі. Пакутуюць не толькі людзі, але і жывёла. Надоі знізіліся. Нельга скідваць з рахунку і тэхналагічныя ўпушчэнні. Спецыялістам зааветслужбы неабходна прыняць меры па арганізацыі падкормкі ўсяго пагалоўя свежаскошанымі травамі з-пад камбайна, а не падвяленымі з валкоў, сачыць, каб  на пашы ўвесь час была вада.


Падрыхтоўку памяшканняў да стойлавага перыяду патрэбна весці поўным ходам, у тым ліку іх санацыю, дэзінфекцыю. Стварэнне дэзбар’ерных падушак – абавязкова.


Але ж самае актуальнае пытанне – узнаўленне работы бойняў. Іх давядзецца прывесці ў належны стан, таму што амаль ва ўсіх гаспадарках яны не адпавядаюць устаноўленым санітарным нормам. Дадзена ўказанне да канца месяца вырашыць праблему, узгадніць усе нюансы з санітарна-эпідэміялагічнай службай і атрымаць ад яе “дабро” на эксплуатацыю.


КОРМАНАРЫХТОЎКА


Уборку траў першага ўкосу неабходна завяршыць да 15 чэрвеня. Не ўсе сельгаспрадпрыемствы змаглі справіцца з гэтай задачай, хаця надвор’е спрыяла рабоце на сенажацях і нарыхтоўцы сена, сенажу.


РАСЛІНАВОДСТВА


Абкошванне зерневых палёў праводзіцца перад жнівом штогод. Не марудзяць аграрыі і сёлета, бо гэта, па-першае, культура земляробства, па-другое, дадатковыя тоны кармоў, па-трэцяе, мера супрацьпажарнай бяспекі. Нельга ўпусціць і відавую праполку збожжавых культур, падрыхтоўку складскіх памяшканняў. Як і тое, што да пачатку ўборкі ўсе зернеўборачныя камбайны павінны стаяць на лінейцы гатоўнасці.


Клопатаў патрабуюць усе культуры. Догляд пасеваў – адзін з этапаў на шляху да высокіх ураджаяў. КСУП “Брагінка” і “Пераможнік” не на належным узроўні арганізавалі падкормку і міжрадковую апрацоўку пасеваў кукурузы, як, дарэчы, і КСУП імя Жукава. Пасевы яравога рапсу патрэбна ратаваць ад кветкаеда, а бульбяныя плантацыі – ад каларадскага жука. Не ўсе гаспадаркі вядуць наступ на шкоднікаў раслін і пустазелле. Пасевы азімага рапсу маюць патрэбу ў апрацоўцы ад так званага “прыліпацеля”.


ЛІКВІДАЦЫЯ ВЫНІКАЎ СТЫХІІ


На мінулым тыдні моцны парывісты вецер, які на асобных участках дасягаў хуткасці 18 м/сек., лівень і град нанеслі значныя пашкоджанні пасевам і пабудовам. Асабліва пацярпеў КСУП “Саўгас “Камарынскі”, дзе знесла дах са складскога памяшкання, не вытрымала і сцяна.


Матэрыяльны ўрон ацэньваецца.


Н.  СІНІЛАВА