У ІНТАРЭСАХ ДЗЯРЖАВЫ

Грамадства

У  ходзе пасяджэння Савета Рэспублікі сенатары адобрылі законапраекты


28 мая бягучага года адбылося пятае пасяджэнне чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. Аб разгледжаных у яго ходзе пытаннях размова з намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктарам РНДУП “Інстытут радыялогіі”    В.С.  Аверыным.


– Як вядома, члены Савета Рэспублікі адобрылі праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці”. Растлумачце, калі ласка, яго накіраванасць.


– Гэты законапраект накіраваны на ўдасканальванне прававога рэгулявання адносін у данай сферы. У прыватнасці, істотна змяняюцца правы і абавязкі асоб, якія ажыццяўляюць фінансавыя аперацыі, удакладняюцца паўнамоцтвы органа, які праводзіць фінансавы маніторынг, канкрэтызуюцца ўмовы ідэнтыфікацыі ўдзельнікаў фінансавай аперацыі і рэгістрацыі тых аперацый, якія падлягаюць асобаму кантролю.


– Адобраны змяненні і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб турызме”, накіраваныя на забеспячэнне даступнасці турыстычных паслуг, а таксама на рэгламентацыю пытанняў ажыццяўлення знешняга гандлю турыстычнымі паслугамі. Віктар Сяргеевіч, а што канкрэтна павінна пасадзейнічаць развіццю ўнутранага турызму?


– Адзначу, што цяпер рэалізацыя турыстычнай дзейнасці будзе ажыццяўляцца на падставе дагавора аказання турыстычных паслуг, тыпавую форму якога зацвярджае Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, ва ўказаным законапраекце прадугледжваюцца адмена турыстычных ваучараў і стварэнне турыстычных інфармацыйных цэнтраў у нашай краіне і за яе межамі ў мэтах фарміравання і распаўсюджвання інфармацыі аб Беларусі.


– Парламентарыі адобрылі законапраекты ў сферы ратыфікацыі міжнародных прававых дакументаў.


– Так, у мэтах стварэння заканадаўчай базы для паспяховага функцыянавання таможнага саюза Рэспублікі Беларусь, Рэспублікі Казахстан і Расійскай Федэрацыі адобраны праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ратыфікацыі Пратакола аб статусе Цэнтра таможнай статыстыкі Камісіі таможнага саюза”. Яго прыняцце з’яўляецца чарговым крокам на шляху рэалізацыі плана дзеянняў па фарміраванні таможнага саюза ў межах Еўразійскага эканамічнага таварыства, зацверджанага рашэннем вышэйшага органа таможнага саюза – Міждзяржаўнага Савета ЕўрАзЭС ад 6.10.2007г. №1. Базы даных, якія будуць фарміравацца ў Цэнтры таможнай статыстыкі, стануць падставай для разліку памераў фінансавых паступленняў у кожную краіну ад таможных пошлін на тавары, што ўвозяцца.


Адобраны таксама праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб  ратыфікацыі Пратакола аб парадку перадачы даных статыстыкі знешняга гандлю і статыстыкі ўзаемнага гандлю”. Згодна з ім, Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь надзяляецца паўнамоцтвамі ад нашай дзяржавы прадастаўляць у Камісію таможнага саюза даныя статыстыкі знешняга гандлю і статыстыкі ўзаемнага гандлю і несці за гэта адказнасць.


У мэтах стварэння прававой асновы для рэгулявання пытанняў, звязаных з падтрыманнем адпаведнага рэжыму беларуска-літоўскай дзяржаўнай граніцы, адобраны праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ратыфікацыі Дагавора паміж Рэспублікай Беларусь і Літоўскай Рэспублікай аб рэжыме беларуска-літоўскай дзяржаўнай граніцы”.


Прыцягненню ў нашу краіну замежных інвестыцый, замацаванню агульнапрызнаных стандартаў і гарантый іх абароны, а таксама стварэнню спрыяльных умоў для ажыццяўлення ўзаемных капіталаўкладанняў будзе садзейнічаць рэалізацыя разгледжаных і адобраных на пасяджэнні Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Каралеўства Саудаўская Аравія аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый; Канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Ірландыяй аб недапушчэнні двайнога падаткаабкладання і папярэджванні ўхілення ад уплаты падаткаў у адносінах падаткаў на даходы і капітал; Пагаднення паміж


Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Эстонскай Рэспублікі аб садзейнічанні ажыццяўленню і ўзаемнай абароне інвестыцый.


– Пастаянная камісія Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, намеснікам старшыні якой з’яўляецеся Вы, Віктар Сяргеевіч, прапанавала адхіліць праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей”. Што паспрыяла прыняццю гэтага рашэння? Ці было яно падтрымана сенатарамі?


– Асноўны матыў прынятага рашэння – неадпаведнасць асобных норм законапраекта з нарматыўнымі актамі кіраўніка дзяржавы. Розныя паняцці выкарыстоўваюцца ў адным і тым жа сэнсе, у сувязі з чым некаторыя палажэнні патрабуюць карэкціроўкі. Наша рашэнне было падтрымана на пасяджэнні чацвёртай сесіі Савета Рэспублікі.


Запісала І. ЛУКАШЭНКА