Тэхналогію і тэрміны ўборкі траў першага ўкосу добра захоўваць пры наяўнасці высокапрадукцыйнай шыроказахопнай тэхнікі. Шмат сказана пра матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне сельгаспрадпрыемстваў раёна ў апошнія гады, але ж удасканаленне корманарыхтоўчага працэсу працягваецца. Як сцвярджаюць інжынеры, адных “Ягуараў” (набылі іх для сельгаспрадпрыемстваў раёна шэсць штук) недастакова, каб касавіца ішла як па масле. Неабходны яшчэ комплекс машын да іх, таму вырашылі набыць па лізінгу граблі-валкаўтваральнікі ГВБ-6,2. Вырабляюць такія ў Лідзе, рама – айчыннай вытворчасці, рабочыя вузлы – замежнай. Пакуль атрымалі іх КСУП “Брагінка”, “Чамярыскі” і “Брагінскі”. Ёсць рашэнне аб выдзяленні ГВБ-6,2 КСУП “Саўгас “Камарынскі”.
Акрамя ўсяго, у раён прыйшлі пяць грабель маркі KRONE SWADRO-807 (у КСУП імя Жукава, “Брагінскі”, “Чамярыскі”, “Малажынскі”, “Пераможнік”), а таксама варашылка KW 7,8/6,7, якая дасталася КСУП “Чамярыскі”.
Два сельгаспрадпрыемствы – КСУП “Малажынскі” і КСУП “Саўгас “Камарынскі” – маюць на ўзбраенні сучасныя касілкі-плюшчылкі КПР-9, на чарзе – КСУП імя Жукава.
Навука не стаіць на месцы, тэхнічная аснашчанасць сельгаспрадпрыемстваў паляпшаецца год ад года. Аграрыі нашага раёна ідуць у нагу з часам, стараюцца ўкараніць і прымяніць на практыцы навінкі, якія дапамагаюць дабівацца добрых вытворчых паказчыкаў.
Н. МІХАЙЛАВА