І кантроль, і парады, і даручэнні

Сельская гаспадарка

На штотыднёвых нарадах у начальніка райсельгасхарчу


Аграпрамысловы комплекс – асноўны ў такіх сельскагаспадарчых раёнах, як наш, дзе няма буйных прамысловых прадпрыемстваў, таму і ўвага яму ўдзяляецца адпаведная. Чым жывуць аграрыі сёння, якія праблемы вырашаюць, што запланавалі на перспектыву – аб усім гэтым гаворыцца на ранішняй нарадзе, якая праходзіць у кабінеце намесніка старшыні райвыканкама, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянка. Сітуацыя мяняецца штодня, фронт работ вялікі, таму неабходны і своечасовае ўмяшанне, і кантроль у прыняцці рашэнняў.


У няспынным працэсе вытворчасці сельгаспрадукцыі дробязяў няма. Але ж галоўны клопат – людзі. Пра іх неабходна думаць у першую чаргу, каб адчувалі сябе камфортна ў гэтыя  дні, калі даймаюць камары і мошкі. Прамысловасць выпускае дастаткова прэпаратаў, неабходна толькі набыць іх і завезці ў гаспадаркі. На такія вось, на першы погляд, нязначныя пытанні начальнік упраўлення звяртаў увагу спецыялістаў не адзін раз. Неабходна, каб на месцах, дзе вядзецца закладка масы, былі спецыяльныя журналы ўліку тэмпературнага рэжыму.


Размова ішла аб ходзе нарыхтоўкі кармоў, падкормцы яравых, хімпраполцы пасеваў, іх стане. А яны ў сваю чаргу закранаюць іншыя праблемы: забяспечанасць ядахімікатамі і мінеральнымі ўгнаеннямі, наяўнасць складскіх памяшканняў і іх рамонт, тэхнічнае аснашчэнне. Па асобных прымаецца калектыўнае рашэнне, даюцца канкрэтныя даручэнні. Высвятляецца, што па некаторых пазіцыях ёсць недагляды. Як, скажам, сяўба на ўчастках, дзе быў сад.


Ідзе пашавы перыяд, жывёлагадоўчыя памяшканні зараз пустуюць. Таму неабходна весці падрыхтоўку іх да зімы, ды і кашары пачысціць.
На палях каласаціцца збажына, рыхтуюцца да жніва камбайны, сушыльная гаспадарка. Трэба падумаць і пра сцеблапад’ёмнікі на выпадак, калі будзе вялікая палегласць зерневых культур.


Такіх вось рабочых момантаў узнікае шмат. Іх вырашэнне патрабуе аператыўнасці і дысцыпліны. Да наступнай нарады даручэнні, якія даваліся, неабходна выканаць. Праводзяцца яны з мэтай каардынацыі намаганняў усіх служб і спецыялістаў. Звычайная дзелавая атмасфера, размова ідзе ў патрэбным русле. Але ад гэтага залежыць далейшы поспех, выкананне прагнозных паказчыкаў, дабрабыт раёна.


Н. СІНІЛАВА