Перад жывёлаводамі раёна пастаўлена задача – выкарыстаць летне-пашавы перыяд з максімальнай аддачай. А каб не страціць вялікае малако, аказаць кансультацыйную і практычную дапамогу па арганізацыі работы сельгаспрадпрыемстваў, за кожным з іх замацаваны кіраўнікі структурных падраздзяленняў выканкама, арганізацый, зааветспецыялісты.
Што неабходна зрабіць, каб у летне-пашавы перыяд не знізіць вытворчасць прадукцыі – а яна павінна быць на ўзроўні 110% — аб гэтым гаварыў на чарговай нарадзе начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання В.В. Хмелянок. Такія дзелавыя сустрэчы праводзяцца два разы ў тыдзень, каб ведаць, як складваецца сітуацыя на месцах, ці захоўваецца тэхналогія пасьбы, і з улікам заўваг і прапаноў распрацаваць план работы на бліжэйшы час.
Як адзначыў Валянцін Валянцінавіч, у апошнія дні гаспадаркі раёна знізілі вытворчасць малака на 3% і яна склала ў сярэднім па раёне 105% да ўзроўню мінулага года.
Асноўная прычына недабору прадукцыі на танных кармах – незахаванне тэхналогіі. На календары – сярэдзіна мая, пашавы перыяд пачаўся больш двух тыдняў назад, але некаторыя сельгаспрадпрыемствы да гэта часу не перавялі дойныя статкі на кругласутачнае ўтрыманне з трохразовым даеннем.
На зніжэнне прадукцыі паўплывала і тое, што КСУП “Малажынскі”, “Чамярыскі”, “Саўгас “Камарынскі” з-за падтаплення не маглі ў час вывесці дойны статак на пашу.
У такі адказны для жывёлаводаў час важна ўсё: утрыманне жывёлы, наяўнасць вады, солі, неабходных дабавак, своечасовы догляд пашаў, а таксама апрацоўка дойнага статка ад гнусу. Да летне-пашавага перыяду ўсімі гаспадаркамі закуплены электраагароджы, што дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць пашу.
Сонца прагравае зямлю, трава на пашавых угоддзях пасля дажджоў хутка ідзе ў рост. Менавіта цяпер на танных зялёных кармах можна атрымаць адчувальную прыбаўку прадукцыі. Для гэтага ёсць усё неабходнае.
У цэлым па раёне на 13 мая таварнасць малака складае 85%. Больш усіх ад каровы надойваюць жывёлаводы КСУП “Пераможнік” – 17,2 кг (сярэднераённы паказчык – 15 кг).
На перапрацоўчае прадпрыемства малако вышэйшага гатунку пастаўляюць такія гаспадаркі, як імя Жукава, “Брагінка”, “Брагінскі”, “Чамярыскі”.
Самая высокая тлустасць малака – 3,9% – у КСУП “Чамярыскі”.
Т. ЦІШКЕВІЧ