Пад такой назвай у пачатку мая на базе гімназіі г.п. Брагіна адбыўся раённы конкурс рытарычнага майстэрства, прысвечаны Дню беларускага пісьменства, які пройдзе ў Хойніках у верасні бягучага года.
Конкурс праводзіўся з мэтай развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу вучняў, фарміравання іх сацыякультурнай кампетэнцыі, павышэння агульнага культурнага ўзроўню гаварэння. Ён складаўся з трох тураў, у якіх прымалі ўдзел вучні 8-10 класаў з шасці ўстаноў адукацыі раёна.
У першым туры (“мультымедыйнае эсэ”) дзеці цікава і жвава абаранялі свае праекты, расказвалі пра родны край, любімага пісьменніка, літаратурнага героя.
Другі тур — “маўленне”. Вучні на працягу 10 мінут рыхтавалі свае прамовы на выбраныя тэмы: “Як бы я вучыў беларускай мове”, “Беражыце сваю мову”, “Кнігі маюць свой лёс” і інш. Выступалі перад журы і адказвалі на яго пытанні і аўдыторыі слухачоў.
Па выніках двух тураў найбольшую колькасць балаў атрымалі шэсць вучняў, якія працягвалі барацьбу ў трэцім – “дэбаты”. Тут канкурсанты, аб’яднаўшыся ў пары, аргументавана адстойвалі сваю пазіцыю ў адпаведнасці з прапанаваным паняццем ці выказваннем. Кожны з удзельнікаў пары выступаў з прамовай-абгрунтаваннем сваёй пазіцыі і адказваў на пытанні саперніка.
Безумоўна, вучні хваляваліся, але не менш складана было і членам журы, у склад якога ўвайшлі загадчыца метадычнага кабінета раённага аддзела адукацыі В.Ф. Кандрацюк, метадыст раённага аддзела адукацыі С.І. Паўлюшчанка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Мікуліцкай сярэдняй школы В.Р. Гардзеенка.
У выніку дыплом трэцяй ступені атрымала васьмікласніца Малейкаўскай САШ Дар’я Пашкевіч, другое месца заняла яе аднагодка з гімназіі Аксана Тарынская, а лепшай за ўсіх была прызнана вучаніца 10 класа Камарынскай САШ Наталля Сетка.
Пераможцы прымуць удзел у абласным этапе конкурсу рытарычнага майстэрства, які адбудзецца 22 мая ў гімназіі №10 г. Гомеля.
Жадаем поспехаў нашым дзяўчатам!
А. КУР’ЯН,
метадыст раённага вучэбна-
метадычнага кабінета