Сённяшнія хлопцы і дзяўчаты, на шчасце, ніколі не чулі выцця сірэны, не бачылі разбураныя бомбамі дамы, не ведаюць, што такое голад, холад. Пра акопы, атакі і контратакі могуць меркаваць па кінафільмах, кнігах ды ўспамінах франтавікоў. Для іх падзеі 65-гадовай даўніны – гісторыя.
Бадай, самае страшнае ў гады ліхалецця – смерць дзяцей. Ёсць такі выраз: “На вайне дзяцей не бывае”. Многія падлеткі прыбаўлялі сабе гады, каб толькі трапіць на фронт і біць фашыстаў, помсціць за родных і блізкіх, спаленыя гарады і вёскі.
Другая сусветная была сапраўднай гуманітарнай катастрофай. Пагэтаму пра вайну неабходна ведаць усё. З якім бязмерным душэўным цяжарам былі звязаны для нашага народа дні адступленняў і паражэнняў, якім бязмерным шчасцем была доўгачаканая перамога, якіх ахвяраў каштавала вайна, якія разбурэнні прынесла, пакінуўшы раны і ў душах людзей, і на целе зямлі. Менавіта з гэтых пазіцый – каб ведалі і памяталі – рыхтавалі чарговае мерапрыемства для старшакласнікаў работнікі цэнтральнай бібліятэкі. А называлася яно “Пусть не будет войны никогда” і праходзіла напярэдадні 9 мая.
Сцэнарый распрацоўвалі асабліва дбайна, каб тое, аб чым расказвалася паэтычнымі радкамі вядомых паэтаў і песеннікаў, успамінамі цудам выжыўшых ахвяр канцлагероў і палону, дзяцей, у якіх на вачах забілі бацькоў, малодшых братоў і сясцёр, кранула сённяшніх юнакоў і дзяўчат. Пашырыла іх уяўленне пра мужнасць і подзвіг, бяссмерце тых, хто заваяваў для нас мір і свабоду. А заадно нагадала прозвішчы вядомых военачальнікаў, піянераў і камсамольцаў, якім пасмяротна прысвоена званне Героя.
Віктарына “Неба для смелых” прадугледжвала адказы на пытанні, якія датычылі прозвішчаў лётчыкаў, тройчы Герояў Савецкага Саюза (Іван Кажадуб і Аляксей Пакрышкін), подзвігу Мікалая Гастэлы? Прадстаўнікі старэйшага пакалення, не задумваючыся, адказалі б: “Накіраваў свой самалёт, які гарэў, на калону варожых танкаў і аўтамашын”.
Пасля гэтай сустрэчы рабяты будуць ведаць, што адважны лётчык, які асвоіў кіраванне самалётам пасля ампутацыі абедзвюх ног, — Аляксей Пятровіч Марэсьеў. А кнігу пра яго напісаў Барыс Палявы, называецца яна “Повесть о настоящем человеке” .
Разам з вядучымі, у ролі якіх выступілі супрацоўнікі цэнтральнай бібліятэкі, старшакласнікі Брагінскай школы ўзгадалі гарады, якім прысвоена званне “Горад-герой”: Масква, Ленінград (Санкт-Пецярбург), Сталінград (Валгаград), Тула, Кіеў, Адэса, Севастопаль, Наварасійск, Керч, Мінск і Брэст. Назвалі прозвішча героя, які ў час бою закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота (Аляксандр Матросаў), палкаводцаў і военачальнікаў Вялікай Айчыннай. Расказалі, якія кнігі пра вайну чыталі, якія песні ведаюць, узгадалі прозвішчы піянераў-герояў. Шмат пра што даведаліся. Напрыклад, самы хуткі баявы і манеўровы самалёт называўся “Ястрабок” (Як-3), а бамбардзіроўшчык-штурмавік Іл-10 атрымаў назву “лятаючы танк”, што азначае слова “таран” і інш. І няхай не на ўсе пытанні бібліятэкараў змаглі адразу адказаць, сустрэча не прайшла бясследна. І веды паглыбілі, і сэрцам дакрануліся да подзвігу тых, хто прыбліжаў дзень перамогі. А ў наступны раз іх адказы будуць глыбейшымі.
Н. СІНІЛАВА