Дзеці – гэта шчасце, а калі іх шмат, шчасце яшчэ большае. Так лічыць В.М. Кавальчук з в. Чамярысы.
На першы погляд і не скажаш, што гэтая маладая і прыгожая жанчына – шматдзетная маці. Але яна выхоўвае пяцярых дачок і ўдастоена ордэна Маці. Яго Вользе Мікалаеўне ўручыла намеснік старшыні райвыканкама Г.М. Бабрынёва на ўрачыстым прыёме, дзе прысутнічалі таксама прадстаўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і Брагінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
– Гэтую высокую ўзнагароду Вы заслужылі нястомнымі клопатамі аб дзецях, аддаючы ім свае любоў і ўвагу, – адзначыла Ганна Мікалаеўна. – Матуліна праца ставіць на ногі будучыню нашай краіны, вядзе працяг чалавецтва.
– Старэйшай дачцэ 20 гадоў, яна вучыцца ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф. Скарыны, – распавядае В.М. Кавальчук, – а самай маленькай усяго паўтара годзіка. Усе пяцёра жывуць дружна, дзеляцца радасцямі, разам пераадольваюць цяжкасці, вырашаюць праблемы. І ім ніколі не бывае сумна – у кожнай ёсць сваё захапленне.
Шматдзетная мама імкнецца ўсім удзяліць час: чамусьці навучыць, нешта параіць. Паспявае і ў хаце парадак навесці, і двор кветкамі засеяць. І кажа, што гэта няцяжка, бо побач столькі памочніц.
У апошні час прэстыж мацярынства значна вырас. Прыемна, што і ў нашым раёне ёсць нямала шматдзетных сем’яў, якімі можна ганарыцца. А гэта — надзея на паспяховае развіццё Брагіншчыны.
В. ПАЛЯШЧУК