У фае будынка райвыканкама, куды я зайшла 7 красавіка па справах, медработнікі Брагінскай раённай паліклінікі змяралі артэрыяльны ціск усім жадаючым.
Людзей да століка, дзе размясціліся медыцыскія сёстры са сваёй апаратурай, падыходзіла шмат. Можна было не толькі змераць ціск, атрымаць кансультацыю, як яго знізіць, але і ўзважыцца на напольных вагах.
У гэты дзень у вялікай зале райвыканкама праходзіла сустрэча кандыдатаў у дэпутаты, прыехалі людзі з перыферыі, і такая паслуга, прычым, бясплатная, была якраз дарэчы. Не ва ўсіх з-за празмернай занятасці знаходзіцца час пайсці ў паліклініку, а тут — цудоўная магчымасць. Лічы, мімаходзь і пра здароўе даведацца, і нейкія пытанні вырашыць.
На плошчы стаяла спецыяльная машына “Пульмаэкспрэс”, каб тыя, хто не прайшоў флюараграфічнае абследаванне, змаглі зрабіць гэта. Такія акцыі былі прымеркаваны да Сусветнага дня здароўя, хаця флюараграфічны апарат на колах стаіць кожную пятніцу каля рынку, у самы людным месцы, быццам нагадваючы жыхарам раёна аб тым, што пра сваё здароўе клапаціцца неабходна.
— Адсюль мы пераедзем у супермаркет “Юбілейны”, — праінфармавала нас старшая медсястра паліклінікі Людміла Паўлаўна Бурак. — Людзей там таксама будзе шмат.
Як потым высветлілася ў час размовы з ёю, 7 красавіка яны ўдваіх з фельчарам-валеолагам Святланай Віктараўнай Севярынай змералі артэрыяльны ціск у 125-ці чалавек (45 мужчын і 80 жанчын), у васьмі ён аказаўся павышаны. Давялося накіраваць у паліклініку. Вось такі вынік аднаго дня.
Н. СІНІЛАВА