Рыхтуйце клумбы і высаджвайце
Добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан сквераў, паркаў, іншых зон масавага адпачынку, праезнай часткі вуліц, тратуараў і дваровых тэрыторый – клопат не толькі камунальнай службы. Пасля зімы ёй адной з вялікім аб’ёмам работ не справіцца. Таму па традыцыі штогод на ўборку гарадоў і пасёлкаў з граблямі і рыдлёўкамі выходзіць амаль усё насельніцтва. Жыхары Брагіншчыны, вядома, не выключэнне.
Аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі звяртаецца да ўсіх кіраўнікоў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў гарпасёлка з просьбай выйсці 1 красавіка, у чацвер, на добраўпарадкаванне тэрыторый, замацаваных распараджэннем Брагінскага раённага выканаўчага камітэта (распараджэнне №110-р ад 15 красавіка 2009 года).
Як добра было б, якое хараство панавала навокал, калі б каля кожнай канторы, адміністрацыйнага будынка з’явіліся клумбы! Разбіце іх, падрыхтуйце глебу. Расада кветак ужо ёсць (20 скрынь з сальвіямі і петуннямі), чакае клапатлівых рук. Парадуецеся, калі зацвітуць. Дарэчы, за расадай звяртайцеся ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
4 красавіка – самае светлае і радаснае свята – Уваскрэсенне Хрыстова. Нашы продкі рыхтаваліся да яго дбайна і грунтоўна. Нічога не змянілася і зараз.
Гаспадары прыводзяць сваё жыллё ў парадак, прыбіраюць, мыюць, беляць, клеяць. Давайце зробім і наш агульны дом чыстым і прыгожым, каб утульна было не толькі карэнным жыхарам, але і шматлікім гасцям. Ды і не да твару нам, хрысціянам, католікам, вернікам усіх канфесій сустракаць Уваскрэсенне з бруднымі вуліцамі і засмечанымі тратуарамі, тэрыторыямі. Так што за справу!
Р. ЛЫСЯНОК,
начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама