ДУХОЎНЫ СКАРБ НАРОДА

Грамадства

Роднае слова!
Ты нам тлумачыш усе дзівы свету.
                                                   Цётка


Адной з істотных адметнасцей кожнага народа з’яўляецца яго мова. Беларускі паэт Францішак Багушэвіч пісаў, што яна – “адзежа душы” чалавека. Гэта ўніверсальная форма выяўлення, існавання і захавання духоўнай культуры нацыі.


Каб яшчэ раз адзначыць ролю гэтага нацыянальнага  скарба  і  пранікнуцца  павагай  да  яго, у  Малажынскай  сярэдняй  школе  адбыўся  тыдзень, прысвечаны беларускай мове, на працягу якога праводзіліся тэматычныя мерапрыемствы. Так, у час конкурсу “Духоўны скарб народа” дзеці змаглі праверыць сябе, ці добра яны валодаюць роднай мовай, ведаюць гісторыю свайго краю, славутых людзей Бацькаўшчыны. І настаўнікі беларускай мовы і літаратуры яшчэ раз пацвердзілі свае думкі аб тым, што засвоенае на ўроках дзеці змогуць прымяняць не толькі на падобных мерапрыемствах, але і ў самастойным жыцці. Многія цікавіліся навінамі з газеты, якую выпусціла рэдкалегія школы. А ў другой палове тыдня вучні дэманстравалі свае артыстычныя здольнасці. На свяце “Нам засталася спадчына” гледачы знаёміліся з хітрай Лісой, вясёлым Несцеркам, а таксама бабуляй Казачніцай, якая дала наказ дзецям малодшых класаў шанаваць беларускую мову.


Прыемна, што пасля заканчэння мерапрыемства многія вучні выказалі падзяку яго арганізатарам і абяцалі вывучаць родную мову на паглыбленым узроўні.
Мова прывівае любоў да Радзімы і яднае нас у народ, які носіць прыгожае, светлае, гордае імя – БЕЛАРУСЫ.


Л. КАЛЯСАН,
намеснік дырэктара Малажынскай САШ па выхаваўчай рабоце