ГРОШАЙ У КРАМАХ ПАКІНУЛІ НЯМАЛА

Грамадства

Традыцыя адзначаць Новы год з размахам прыжылася даўно. А па-інашаму і нельга! Як сустрэнеш яго, так і правядзеш. Гэтую ісціну, якая стала прапісной, ведаюць усе. Калі на Новы год стол гнецца ад прысмакаў, значыць, будуць яны на працягу ўсіх 12 месяцаў. Вось і спяшаліся брагінчане ў гандлёвыя кропкі, каб зрабіць запас напояў і прадуктаў. Мнагалюдна было і на кірмашы, але не ў кожнага знайшоўся час наведацца туды, ды і асартымент харчовых тавараў у магазінах раённага спажывецкага таварыства не меншы. Былі нават зніжкі на асобныя з іх.


Асаблівы наплыў быў у «Юбілейным». Работнікі райспажыўтаварыства, прадбачыўшы гэта, пастараліся завезці тое, што магло спатрэбіцца не толькі напярэдадні Новага года, але і пасля яго.


— Рознічны тавараабарот у звычайныя дні складае ў універсаме 3-4 мільёны рублёў, — расказала намеснік  старшыні  Брагінскага  райспажыўтаварыства Н.Б. Кукрак.—  30 снежня ён павялічыўся ў 6 разоў і дасягнуў 19,5 млн рублёў, а 31-га – 29,2 млн.


Дарэчы, дзверы «Юбілейнага» былі адчынены для пакупнікоў і 1 студзеня. Камерцыйныя крамы былі на замку, а дзяржаўная бойка гандлявала. Як і 7 студзеня, на Ражаство (было прададзена тавараў на суму 9 млн рублёў).


Надзея Барысаўна паведаміла, што ў перадсвяточныя дні рэалізавана 400 бутэлек шампанскага (33 скрыні), каўбасных вырабаў – у 2,6 раза больш, чым звычайна, цытрусавых – у 3 разы. Попытам карысталіся рыбатавары.


Дзейнічала акцыя зніжак на гарошак (наведвальнікі купілі прыкладна тысячу баначак) і кукурузу. Яе прадалі крыху менш.


Не залежвалася і прадукцыя камбіната грамадскага харчавання, было рэалізавана 120 тортаў.


Турботы на гэтым не скончыліся, і ў работнікаў гандлю, і ў пакупнікоў. Сёння – стары Новы год, Шчодры вечар. І зноў падрыхтоўка, з улікам попыту. Завезлі 8 тон кандытарскіх вырабаў, папоўнілі запасы шампанскага, цытрусавых, іншых тавараў. Так што спяшайцеся ў магазін. Святы працягваюцца.


Н. СІНІЛАВА