Завяршыўся месяц, пра які беларусы звычайна гаварылі: году – пачатак, зіме – сярэдзіна. А сама назва красамоўна сведчыла пра традыцыйны характар надвор’я гэтай пары: сцюдзёнае, халоднае. На зямлю прыходзілі моцныя маразы. Ды не сёлета. Прырода вырашыла, відаць, пайсці насуперак – здзівіла норавам не па сезону.
Паводле даных Брагінскай метэа-станцыі, сярэдняя тэмпература паветра ў студзені на тэрыторыі нашага раёна склала мінус 1 ºС, што на чатыры градусы вышэй за кліматычную норму. Рэкордным цяплом вызначыліся два першыя навагоднія дні: слупок тэрмометра ўзняўся да 11–12 градусаў. Свята сустрэлі без халадоў і снегу. Ды і славутых хрышчэнскіх маразоў таксама не дачакаліся: 19 студзеня паветра прагрэлася да плюс 10. А вось дзень Нараджэння Хрыстова выдаўся самы халодны – мінус 14. На працягу месяца назіраўся няўстойлівы тэмпературны рэжым. Цяпло і холад нібы спаборнічалі.
Ападкаў выпала 20 мм, ці 63% ад кліматычнай нормы. Гэта быў снег, у тым ліку мокры, дождж і імжа. А белае покрыва то знікала, то зноў ахінала зямлю. Максімальная вышыня яго за студзень дасягнула толькі двух сантыметраў.
Апошні зімовы месяц, па прагнозах сіноптыкаў, будзе ў Беларусі мяккі і снежны. Чакаецца, што тэмпература таксама перавысіць кліматычную норму. Бязлітасны і злосны? Атрымліваецца, гэта зусім не пра люты.
Валянціна БЕЛЬЧАНКА