ВЫ З ЛІКУ АКТЫЎНЫХ? ДАЛУЧАЙЦЕСЯ!

Грамадства

Найбольшую колькасць месц у тэрытарыяльных камісіях (па ўсёй краіне іх сфарміравана 155) атрымалі грамадскія аб’яднанні — 44%, у тым ліку “Белая Русь” — 7,4%.


Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Белая Русь” ажыццяўляе сваю дзейнасць на аснове Статута, зарэгістраванага рашэннем Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь 11 снежня 2007 года. Ідэйную платформу гэтай арганізацыі падтрымалі і ў нашым раёне. Яно прадстаўлена адной раённай і дзевяццю пярвічнымі арганізацыямі ў складзе каля 200 чалавек. Найбольш буйныя аб’яднанні створаны ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах “Брагінка”, “Малажынскі”, “Пераможнік”. Іх касцяк складаюць у асноўным маладыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу.


Брагінская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” аб’яднала неабыякавых людзей, патрыётаў роднага краю, зацікаўленых у яго развіцці, занепакоеных лёсам Айчыны. Кожны імкнецца ў меру сваіх сіл зрабіць усё магчымае для паспяховага развіцця рэспублікі. А ўзначаліла грамадскае аб’яднанне на раённым узроўні Тамара Кудан, дырэктар КСУП “Брагінка”.


Акрамя працаўнікоў вёскі, пад флагам “Белай Русі”, у якой ёсць свая сімволіка, аб’ядналіся работнікі адукацыі, культуры, вузла паштовай сувязі, ДЛГУ “Камарынскі лясгас”, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, медыкі.


Прыярытэтнымі накірункамі дзейнасці арганізацыі з’яўляюцца такія, як інфармацыйна-прапагандысцкая работа з мэтай растлумачэння ўнутранай і знешняй палітыкі кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь, сустрэчы з моладдзю на прадпрыемствах і ў арганізацыях, прапаганда здаровага ладу жыцця, прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў. Прадстаўнікі “Белай Русі” прымаюць  удзел у раённых мерапрыемствах, праводзяць розныя акцыі, прымеркаваныя да дзяржаўных свят і памятных дат, садзейнічаюць удзелу брагінчан у рэалізацыі задач сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і краіны.


Расце аўтарытэт Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне, пашыраюцца яе сяброўскія і партнёрскія сувязі. Неабходна прымнажаць дасягнутыя вынікі і трывала замацавацца ў групе найбольш развітых дзяржаў свету. А гэта магчыма толькі пры ўмове кансалідацыі ўсіх пазітыўных і здаровых сіл беларускага грамадства. І тут не апошнюю ролю павінна адыграць РГА “Белая Русь”. Раённая арганізацыя гатова прыняць у свае рады грамадзян, якіх хвалюе лёс краіны, малой радзімы, будучыня дзяцей і ўнукаў. Калі вы з іх ліку, далучайцеся! Месца яе знаходжання – в. Шкураты, вул. Лясная, 1а (будынак канторы КСУП “Брагінка”).


Брагінская раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” праводзіць прыём грамадзян па асабістых пытаннях. Распарадак работы такі: панядзелак-пятніца – з 9.00 да 17.00 (перапынак на абед з 13.00 да 14.00), субота – з 9.00 да 14.00.


Штодзённа працуе грамадская прыёмная РГА “Белая Русь” па збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь з 30.09 па 29.10.2010 года з 9.00 да 19.00 (без выхадных). Перапынак на абед – з 13.00 да 14.00.


Кантактныя тэлефоны:
8 (02344) 9-18-71; 9-18-89.


Ніна СІНІЛАВА