Працай адзіныя. Максім Клімянок: высокай узнагародай ушанаваны за поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак ільну

Год народнага адзінства Грамадства

Максім Клімянок (справа) з сябрам. 1970-я гады.

Дзяцінства і юнацтва

Нарадзіўся Максім Аляксан-дравіч у 1902 годзе ў вёсцы Ніжнія Жары. З сям’і малазямельных сялян. Беларус.
Змог атрымаць толькі пачатковую адукацыю. З малых гадоў разам з сёстрамі пасвіў жыўнасць аднавяскоўцаў, дапамагаў бацькам адпрацоўваць падзёншчыну ў мясцовага памешчыка Рыбакова. 14-гадовым падлеткам на роўных з дарослымі шчыраваў у яго маёнтку: саджаў і выбіраў бульбу, пасвіў жывёлу, далучаўся да іншых гаспадарчых спраў. А за сваю стараннасць атрымліваў пяць капеек у дзень – нядбайным падзёншчыкам памешчык не плаціў. Сам Рыбакоў быў чалавек руплівы, эканомны і беражлівы, любіў парадак, вызначаўся патрабавальнасцю. Менавіта ў яго Максім навучыўся гаспадарлівасці.

У 1918 годзе, пасля ўсталявання савецкай улады, падлетак стаў працаваць паставым на Дняпры. А потым яго ўзяў да сябе ў памочнікі бакеншчык – родны дзядзька Давыд Сцяпанавіч. У начны час яны расстаўлялі па рацэ спецыяльныя знакі, якія ў цемры ўказвалі воднаму транспарту дарогу, сігналі-завалі аб небяспечных участках і забяспечвалі перамяшчэнне ў непагадзь. Праводзілі па фарватары судны рачной флатыліі, прымаючы ўдзел у баявых аперацыях Чырвонай Арміі і савецка-польскай вайне.

Малады актывіст

У 1924 годзе Максіма Клімянка прызвалі ў армію. Там ён навучыўся палітграмаце, уступіў у камсамол. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся дамоў і стаў актыўным удзельнікам калектывізацыі на Палессі, арганізатарам першых сельгасарцелей. Вясной 1928 года стварыў і ўзначаліў калгас імя Пятроўскага (пазней – “Новадняпровец”) у роднай вёсцы. Ужо тады прыкмецілі яго арганізатарскі талент, ініцыятыўнасць і настойлівасць. Менавіта пад кіраўніцтвам Максіма Клімянка атрымалі шырокае распаўсюджванне такія формы павышэння прадукцыйнасці працы, як сацыялістычнае спаборніцтва, ударніцтва, калектыўныя выезды ў поле, зажынкі і дажынкі.

Маладому актывісту давялося ўсё пачынаць амаль з нуля: быць і старшынёй, і бухгалтарам, і брыгадзірам. І ў поле выходзіць на роўных з іншымі. З 100 бядняцкіх гаспадарак у вёсцы ў калгас уступілі толькі 53. Статак сабралі з 20 кароў, узялі невялікі крэдыт, каб набыць насенне. Але пясчаныя буры і разбуральныя паводкі штогод знішчалі вынікі сялянскай працы. Таму было вырашана адвесці пад калгасныя ўгоддзі лясное ўрочышча ў пяці кіламетрах ад вёскі: расчысцілі і падрыхтавалі для сяўбы 26 га зямлі. Першы ўраджай атрымалі ў 1929 годзе.

Паступова калгас стаў на ногі. Быў пабудаваны кароўнік, закла-дзены сад, з’явіўся прасторны клуб. У крэдыт пачалі ўзводзіць дабротныя дамы для вяскоўцаў. Маладая гаспадарка хутка папаўнялася. Дзякуючы добраму намалоту зерня ў 1930 годзе набылі першыя сельгасмашыны.

З калгаса ў калгас

Праз год Максіма Аляксан-дравіча накіравалі ў калгас імя Калініна (в. Уласы), куды патрабаваўся талковы кіраўнік. Ён уступіў у партыю. І словам, і справамі пацвярджаў заваёваны аўтарытэт у сялян, якія неахвотна ішлі ў калектыўную гаспадарку. Настойліва ўмацоўваў дысцыпліну, дабіваўся правільнай арганізацыі працы, умела падбіраў кадры, своечасова і высакаякасна праводзіў агра- і заатэхнічныя мерапрыемствы, што дазволіла павысіць культуру земляробства ў гаспадарцы. Тут актыўна практыкаваліся ўзняцце зябліва, сяўба радковымі сеялкамі, баранаванне азіміны, травапольныя севаабароты. Гэта садзейнічала росту ўраджайнасці сельгаскультур, павелічэнню валавых збораў зерня, бульбы, ільновалакна. За паўтара гады на новым старшынскім пасту Максім Аляксандравіч вывеў “калінінцаў” у лік раённых перадавікоў. А калі ўзначаліў калгас-даўжнік у Асарэвічах – “Чырвоны барацьбіт” (відаць, накіроўвалі туды, дзе патрэбна было паправіць становішча), дасягнуў яшчэ большых поспехаў.

У 1933 годзе выдаліся складаныя пагодна-кліматычныя ўмовы, але калгаснікі пад кіраўніцтвам Максіма Аляксандравіча паспяхова ўбралі ўраджай і поўнасцю засыпалі насенныя і страхавыя фонды. Гаспадарка адной з першых разлічылася з дзяржавай да пачатку 1934-га. А ў наступным годзе Клімянка перавялі на пасаду старшыні калгаса “Рухавік рэвалюцыі” з цэнтрам у Верхніх Жарах. І тут ён дасягнуў новых працоўных поспехаў. За два гады да Вялікай Айчыннай узначаліў Камарынскую МТС, якая абслугоўвала ўсе сорак гаспадарак раёна.

Удзельнік партызанскага руху

З пачаткай вайны пад кіраў-ніцтвам Максіма Аляксан-дравіча праходзіла эвакуацыя машынна-трактарнага парка станцыі ў Пензу, пасля чаго яго накіравалі на кіруючую работу ў Карагандзінскую вобласць Казахскай ССР. У якасці старшыні калгаса “Адраджэнне” адпрацаваў усяго год. Пастаянна абіваў парогі ваенкамата, прасіўся на фронт. І ў выніку быў накіраваны ў Беларускую школу падрыхтоўкі партызанскіх кадраў пры Беларускім штабе партызанскага руху. Стаў актыўным змагаром з фашызмам. Прымаў удзел у баявых аперацыях на акупіраванай Віцебшчыне, дзе партызаны грамілі варожыя гарнізоны, паліцэйскія ўчасткі і валасныя ўправы, выводзілі са строю чыгункі, знішчалі масты, стваралі завалы… За мужнасць і гераізм у барацьбе з акупантамі Максім Клімянок узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны другой ступені.

І зноў у кіраўніках

Пасля вызвалення Беларусі наш земляк працаваў старшынёй Міёрскага райвыканкама. А калі скончыў школу аграномаў у Горках, стаў загадчыкам упраўлення сельскай гаспадаркі Глыбоцкага райвыканкама. Па закліку партыі ў 1953 годзе перайшоў працаваць старшынёй калгаса імя Чапаева Верхненскага сельсавета.
У пасляваенныя гады, дарэчы, ураджайнасць сельгаскультур у большасці гаспадарак Глыбоцкага раёна была невысокая. У калгасе, які ўзначаліў Максім Аляксандравіч, яна складала ўсяго 7–8 цэнтнераў зерневых з гектара. Таму сваю першачарговую задачу кіраўнік бачыў у павышэнні ўрадлівасці глебы і правільнай арганізацыі працоўнага працэсу.
Асноўнай спецыялізацыяй гаспа-даркі было выбрана льнаводства, якое стала прыносіць добры прыбытак. Асабліва – пасля асушэння забалочаных земляў. Атрыманыя ўраджаі дазволілі калгасу стаць рэнтабельным. На яго рахунку з’явіліся грошы, была закуплена сучасная тэхніка. Да пачатку 1960-х ураджайнасць зерневых культур перавысіла 20 цэнтнераў з гектара, што стала чарговай заслугай вопытнага гаспадарніка Клімянка.

Людзям на карысць

Нямала ўвагі Максім Аляксандравіч удзяляў росту матэрыяльнай зацікаўленасці калгаснікаў. Калі ў 1952-м на працадзень было выдадзена дзесяць капеек, то праз два гады ўжо сем рублёў. Людзі паверылі ў свае сілы. Хаця на першым сходзе старшыня ім нічога не абяцаў, прасіў працаваць сумленна. І сам адмовіўся ад зарплаты – тысячы рублёў у месяц па цэнах 1953 года. Сказаў, што будзе атрымліваць працадні. Як усе. “Я прыехаў да вас працаваць, а не зарабляць”, – не раз чулі ад яго вяскоўцы.

Са згоды падначаленых купіў кіраўнік “Волгу”. Але сам на ёй амаль не ездзіў. Па палях ды фермах – пехатой. Аўтамабіль больш працаваў на калгаснікаў: даставіць хворых у бальніцу, цяжарных – у радзільны дом, маладажонаў – у сельсавет… Уласным прыкладам Максім Аляксандравіч пераконваў: да калгаснага патрэбна ставіцца, як да свайго.

– Старшыня ўваходзіў у кожны дом, ведаў, у каго колькі дзяцей, усіх па імёнах. Малое народзіцца – першы наведваў. Не дай бог хто памрэ – вянок прынясе, выдзеліць грашовую дапамогу і цяля для памінальнага стала. Ён такі аўтарытэт у людзей заслужыў, што на дзесяць жыццяў хопіць, – узгадвала потым адна з былых калгасніц, жыхарка в. Верхняе.

І гэта пацвярджаюць іншыя ўчынкі, справы кіраўніка: гаспадыням, у якіх запускаліся каровы, выпісваў малако, дзецям і хворым выдзяляў мёд. Восенню накіроўваў садоўніка з яблыкамі, каб той раздаваў іх усім, хто шчыруе ў полі. Летам заключаў дагавор з раённай пякарняй і кожнай працаўніцы ў час жніва выдаваў па дзве здобы і па бутэльцы фруктовай вады. А тых, хто па-ранейшаму блытаў калгаснае са сваім, лавіў на месцы, бо сам вартаваў склады. Сароміў, вінаваціў, але ніколі не выганяў, не аддаваў пад суд.

– Старшыню можна было ўбачыць і днём, і ноччу то пехатой, то на веласіпедзе, то на кані. Вядома, спачатку людзі жылі бедна. І сена, і салому кралі. Сустрэне каго-небудзь на полі ці дарозе з вязанкай – насварыцца, прымусіць занесці на месца, але на гэтым пакаранне заканчвалася. Ён жа разумеў: не ад добрага жыцця на такое ішлі. У старшыні было больш за ўсіх працадзён. Толькі атрымліваў як усе, не хацеў браць сабе больш, ад “лішніх” адмаўляўся. Мог аддаць таму, у каго не хапала, ці проста ў калгас, – расказвалі пра Максіма Аляксандравіча вяскоўцы.

З трапяткімі пачуццямі ставіўся ён да дзяцей, якія страцілі ў гады вайны бацькоў. Заўсёды дапамагаў, падтрымліваў, як мог. Відаць, таму што сам прайшоў праз гэтае пекла. Асабліва шанаваў Дзень Перамогі.

Плён працы і руплівасці

Умелае кіраўніцтва гаспадаркай, безупыннае ўдасканаленне вытворчага працэсу і самаадданая праца людзей, а таксама пачатак механізацыі далі свой плён. Калгас імя Чапаева, набіраючы тэмпы росту прадукцыі паляводства, стаў высокадаходны. Знамянальны ў яго гісторыі 1965 год: з кожнага гектара атрымана па 35 цэнтнераў зерня, ураджайнасць бульбы склала 250 цэнтнераў на круг, а 205-гектарная плошча, адведзеная пад лён, дала па сем цэнтнераў валакна.

За поспехі, дасягнутыя ў павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак ільну, Максіму Клімянку 30 красавіка 1966 года прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

Амаль дваццаць гадоў быў старшынёй гэтай гаспадаркі. Пад яго умелым кіраўніцтвам калгас дасягнуў вялікіх поспехаў у развіцці паляводства і мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Гэты перыяд адзначаны безупынным ростам вытворчасці прадукцыі і стабільным зніжэннем яе сабекошту, павышэннем агульнай культуры земляробства, што было абумоўлена не толькі правільным вядзеннема гаспадаркі, але і рацыянальным выкарыстаннем зямлі і тэхнікі, спалучэннем маральных і матэрыяльных стымулаў у арганізацыі работы. Лепшых працаўнікоў забяспечвалі бясплатнымі пуцёўкамі ў санаторыі і дамы адпачынку. Перадавыя механізатары, жывёлаводы і паляводы карысталіся водпускамі, якія аплачваліся. Сумленная праца, арганізаванасць, вялікая самааддача калгаснікаў дазволілі гаспадарцы ўжо ў 1966 годзе атрымаць амаль мільённы прыбытак.

Глыбокі след

Дзякуючы старанням Максіма Аляксандравіча была цалкам электрафікавана цэнтральная сядзіба калгаса, у Верхнім з’явіліся Палац культуры, магазін, сталовая, лазня, фельчарска-акушэрскі пункт і швейная майстэрня. Гаспадарчым спосабам пабудавалі клуб, бібліятэку, дзве пачатковыя школы і двухпавярховую васьмігодку. Пры непасрэдным удзеле старшыні на калгасных землях (а пазней і ў самім райцэнтры) былі пасаджаны пладовыя сады, каштанавыя і бярозавыя алеі. Па яго ініцыятыве створана возера, у якім сталі разводзіць рыбу.

За поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскай гаспадаркі і выкананні заданняў восьмай пяцігодкі па вытворчасці і продажы дзяржаве прадукцыі земляробства і жывёлагадоўлі, нашага легендарнага земляка ў 1971-м узнагародзілі ордэнам Кастрычніцкай Рэвалюцыі.

Займаў ён актыўную грамадзянскую пазіцыю нават на заслужаным адпачынку. Доўгі час уваходзіў у склад кіраўніцтва раённага камітэта народнага кантролю, удзельнічаў у добраўпарадкаванні раёна, шмат сіл і энергіі аддаваў выхаванню моладзі.

У ліку ўзнагарод, акрамя пералічаных, – ордэн Айчыннай вайны першай ступені (1985), Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1970) і інш. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР VII склікання. Аўтар кнігі “З культурай дружаць хлебаробы” (1967).

Памёр Максім Аляксандравіч у лістападзе 1992-га. Пахаваны ў вёсцы Верхняе. У яго гонар названа адна з вуліц раённага цэнтра – горада Глыбокае.

Валянціна БЕЛЬЧАНКА