Святочныя гулянні прайшлі на цэнтральнай плошчы райцэнтра.
Тэатралізаванае прадстаўленне падрыхтавалі ўдзельнікі гуртка сцэнічнага майстэрства, створанага пры раённым Доме культуры. Прычым юныя артысты ў вобразах розных казачных персанажаў не давалі сумаваць брагінчанам на працягу ўсяго мерапрыемства.
На плошчы таксама разгарнуўся рознічны гандаль, праходзіў канцэрт творчых калектываў, былі арганізаваны спартыўныя спаборніцтвы, конкурсы і віктарыны. Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, знайшліся і жадаючыя залезці на драўляны слуп. У РДК тым часам разгарнулася выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, падрыхтаваная супрацоўнікамі ўстаноў культуры раёна.
Словам, знайсці занятак па душы мог кожны як сярод дзяцей, так і дарослых. Пры гэтым самыя спрытныя, моцныя і эрудзіраваныя атрымалі падарункі.