Знайшлі птушаня — што рабіць?

Год малой родины Грамадства

Дрозд-піскун малады. Фота Сяргея Марыніча

З мая па ліпень птушаняты-подлеткі пакідаюць гнёзды, каб навучыцца самастойнаму жыццю. Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” расказвае, чаму нельга забіраць такіх птушанятаў.

У сезон “птушкападу” людзі нярэдка забіраюць птушанят, знойдзеных у траве, дадому. Яны хочуць дапамагчы, а ў выніку атрымліваецца мядзведжая паслуга і птушка гіне. Што не так?

Чаму птушаняты выскокваюць з гнёздаў?

Птушаняты стараюцца пакінуць гняздо як мага хутчэй, бо кожны дадатковы дзень у гняздзе павялічвае небяспеку, што іх знойдзе драпежнік. Часта яны выскокваюць з гнязда яшчэ з кароткімі махавымі пёрамі і не могуць лятаць. Яны выскокваюць, спрабуюць паляцець і прызямляюцца на галінкі ці на зямлю. Ва ўсім патрэбная трэніроўка, і ў гэты “навучальны працэс” умешвацца нельга! На гнездавым участку дарослыя птушкі лёгка знаходзяць птушанят па крыках, прыглядаюць за імі і кормяць. Таму забіраць ці пераносіць птушанят у іншае месца (“ратаваць”) нельга: вы не паклапоціцеся пра іх лепш за бацькоў!

Як адрозніць подлетка ад дарослай птушкі?

Подлеткі звычайна пакрытыя часткова пухам, махавыя і рулявыя пёры ў іх могуць быць часткова ў трубачках. Птушаняты соваў пакідаюць гняздо рана, калі яны яшчэ ў пуху. У вераб’іных птушанят на краях дзюбы — жоўтыя валікі, якія павялічваюць памеры дзюбы, каб бацькі не прамахнуліся з кормам, нездарма іх называюць “жаўтароцікамі”.

Маладыя саракапуты-жуланы. Фота Паўла Лычкоўскага

Часта подлеткаў памылкова прымаюць за «хворую» або «недаразвітую» птушку. Насамрэч з птушанём усё ў парадку: гэта «падлетак», і ён хутка вырасце ў дарослую птушку!

Прыкметы подлетка

• у птушаняці можа тырчэць пух на галаве ці спіне;

• кароткі хвост, як быццам «абгрызены»;

• махавыя і рулявыя пёры часткова ў трубачках;

• на краях дзюбы — жоўтыя валікі.

Калі хоць адна з гэтых прыкмет ёсць, то перад вамі – подлетак. Птушаня вучыцца, не замінайце яму!

Што рабіць, калі знайшлі птушаня-подлетка?

Калі вы бачыце подлетка за горадам — адыдзіце далей і не турбуйце птушаня і яго бацькоў.

Калі вы бачыце подлетка ў горадзе, то ацаніце месца: ці бяспечнае яно? Калі побач – ажыўленая сцежка, дарога, пляцоўка для выгулу сабак або дзіцячая пляцоўка, то лепш акуратна перанесці птушаня (недалёка!) да кустоў ці дрэваў паблізу, падсадзіць на галінку, падкінуць на брыль пад’езда або дах гаража, каб па вашым паху яго не знайшоў сабака або кот: бацькі знойдуць яго, а людзі-“выратавальнікі” – не.

Рабіце гэта толькі ў самых небяспечных для птушак месцах і вельмі акуратна: падчас пагоні птушка адчувае стрэс, а людзі могуць пашкодзіць яе яшчэ далікатныя косткі або выдраць хвост. Таксама не варта спрабаваць пакарміць птушку.

Што рабіць, калі вы ўжо забралі птушаня дадому?

Як мага хутчэй вярніце птушку на тое самае месца, дзе ўзялі!

— Не забірайце птушанятаў дадому! — падкрэслівае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён Левы. — Гэта не кацяняты ці шчанюкі. Дзікія жывёлы павінны заставацца ў дзікай прыродзе! Вядома, не кожнае птушаня зможа стаць дарослай птушкай, іх чакаюць натуральныя небяспекі. Але гэта — законы прыроды. А вось калі вы ўзялі дадому моцнае птушаня, вы ўжо безумоўна «забілі» яго для прыроды. Да таго ж, птушаняты патрабуюць спецыфічнага догляду, у тым ліку — кармоў, і, на жаль, больш за палову выпадкаў такой «дапамогі» ад людзей сканчаюцца сумна, у найгоршым сэнсе гэтага слова.

АПБ звяртаецца да ўсіх, хто турбуецца за подлеткаў: калі ласка, не чапайце птушанят! Не стварайце цяжкасцяў ні птушкам, ні сабе!

Акрамя таго, АПБ нагадвае, што наша заканадаўства забараняе вымаць жывёл з дзікай прыроды: за такія дзеянні прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць.

Подлеткі шэрай кугакаўкі. Фота Паўла Лычкоўскага