У рамках плана мерапрыемстваў, прасвечаных Году малой радзімы, у нашай установе (ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Брагіна”) ўведзены ў практыку дзень беларускай кухні.
Мы знаёмім сваіх выхаванцаў са стравамі нашых продкаў: з чаго іх гатавалі, як падавалі, якія нацыянальныя традыцыі дайшлі да сучаснасці. А медыцынская сястра Людміла Аліфяровіч уключыла ў меню гэтага дня стравы, прыбліжаныя да беларускага стала:
— на сняданак – драчэна (блюда з яек), каша вязкая малочная пярловая, кававы напой, бутэрброд з маслам;
— на абед – вінігрэт, першае блюда са свежай капусты са смятанай, другое – бульба ў малацэ з біткамі па-беларуску, хлеб іржаны, кісель маркоўны;
— на падвячорак – смажанка з адварной ялавічынай, кефір.
Дзеці вельмі задаволеныя, з апетытам з’ядаюць прапанаваныя стравы. І нездарма: яны смачныя, карысныя, адпавядаюць патрабаванням сутачнай нормы бялкоў і вугляводаў.
Бацькоў таксама цікавіць, што гэта за трапезы, бо дзеці часта просяць прыгатаваць дома смажанку – яна вельмі падобная на піцу. Таму, калі ласка, – рэцэпт: на сям’ю з чатырох чалавек для цеста вам патрэбіцца 130 г мукі, 1 яйка, 4 г дражджэй і столькі ж цукру, 120 г вады, 1 г алею, 2 г солі. Для мяснога фаршу – 130 г ялавічыны, 40 г цыбулі, 12 г алею, 1 яйка, 40 г смятаны. Рашчыняем дражджавое цеста – у цёплай вадзе раствараем соль, цукар, дадаём папярэдне разведзеныя дрожджы, сумесь працэджваем, аб’ядноўваем з астатняй падагрэтай вадой, дадаём муку, яйка, алей, перамешваюць. Цеста ставім падыходзіць у цёплае месца, абмінаем. Выкладваем яго на змазаную бляху, зверху – мясны фарш. Заліваем сумессю яйка са смятанай і выпякаем. Калі яшчэ да смажанкі дабавіць кефір – якая смаката!
Працягам гэтай работы з’яўляецца далучэнне дзяцей да сюжэтна-ролевых гульняў “Крама”, “Кафэ”, “Дом”, у якіх яны адчувуаюць сябе гаспадынямі і гаспадарамі, прадаўцамі, матулямі і татулямі, дачкамі і сынамі, працягваюць знаеміцца з асаблівасцямі культуры ў сям’і, у грамадскіх мясцінах. Спадзяёмся, што створаныя ўмовы будуць спрыяць станаўленню маленькіх грамадзян нашай краіны, выхоўваць у іх павагу да нацыянальных традыцый і звычаяў.
Вераніка АЛФІМЦАВА,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
ДУА “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці г.п. Брагіна”