Напярэдадні дня вызвалення Камарына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ветэраны прымалі віншаванні

Год малой родины Праздники и будни

Ведаць і памятаць гераічнае мінулае народа, паважаць старэйшае пакаленне, якое падарыла нашчадкам магчымасць жыць у мірнай краіне, – наш абавязак. І найменшае, што мы можам сёння зрабіць для ветэранаў вайны, гэта іх берагчы і шанаваць.

У Камарыне франтавікоў Вялікай Айчыннай засталося ўсяго трое. І усе яны ўраджэнцы гэтага маляўнічага прыдняпроўскага краю. Напярэдадні дня вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў да кожнага з іх завіталі кіраўнік мясцовага сельскага Савета Віктар Свіслоўскі і старшыня раённай арганізацыі Беларускага аб’яднання ветэранаў Любоў Дзяркач, каб павіншаваць паважаных людзей са святам, пацікавіцца іх справамі, выслухаць просьбы і ў чаговы раз разам успомніць часы ваеннага ліхалецця.

Вольга Капыцько
Вольга Капыцько

…У 1943 годзе, калі родны край быў вызвалены, 17-гадовая Вольга Капыцько адгукнулася на заклік і, як і многія яе аднавяскоўцы, апранула шынель. У складзе медсанбата 181-й стралковай дывізіі следам за фронтам, які рухаўся на захад, яна прайшла Украіну і Польшчу. Безумоўна, на долю ваенных медыкаў выпала выпрабаванняў не менш, чым даставалася салдатам на перадавой. Між тым кожны баец ведаў, што ў цяжкую хвіліну побач з’явіцца адважная дзяўчына, якая не пакіне ў бядзе, у любых умовах акажа першую дапамогу, пры неабходнасаці вынесе на сабе з поля бою.

Доказам праяўленага ў гады вайны гераізму жанчыны з’яўляюцца шматлікія ўзнагароды, у ліку якіх – ордэн Айчыннай вайны другой ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “За адвагу”, “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”

Напоўнены падзеямі, у тым ліку і драматычнымі, быў і жыццёвы шлях Мікалая Петрусевіча. У армію сямнаццацігадовага юнака прызвалі ў снежні 1943 года. Разам з войскамі другога Беларускага фронту вызваляў Магілёў, Мінск, Беласток (Польшча). Потым у складзе 8-й гвардзейскай арміі першага Беларускага фронту, якім камандаваў Георгій Жукаў, прайшоў ад Любліна да Берліна. На парадным кіцелі Мікалая Андрэевіча ззяюць ордэн Айчыннай вайны другой ступені, медаль “За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг.”, іншыя ўзнагароды за ўдзел у вызваленні гарадоў Еўропы.

Мікалай Петрусевіч
Мікалай Петрусевіч

Андрэй Козел пачаў службу ў Чырвонай Арміі з 18 лістапада 1943 года. Удзельнічаў у наступальных аперацыях у складзе 299 гвардзейскага сапёрнага палка на трэцім Украінскім фронце. У Венгрыі, падчас баёў каля возера Балатон, атрымаў раненне. Узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”.

Андрэй Козел
Андрэй Козел

Здароўя вам, паважаныя ветэраны, спакою, цеплыні і доўгага мірнага жыцця.