На сваё свята яны запрасілі ўсіх жыхароў райцэнтра.
Святочнае мерапрыемства разгарнулася на стадыёне Брагіна, дзе сабраліся прадстаўнікі гэтай мужнай прафесіі, іх родныя, сябры. З юбілеем прысутных павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Юрый Лук’яненка, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Грыгаровіч, кіраўнікі РАУС і абасобленай групы Брагінскага раёна ваеннага камісарыята Валерый Чэкан і Іван Кавалькоў. У адрас героеў дня гучалі словы падзякі за вернасць абавязку і добрасумленную службу, пажаданні, каб было як мага менш пажараў і трывожных выклікаў. Намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Віталь Камеш уручыў начальніку РАНС медаль “100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь”.
У паслужным спісе супрацоўнікаў РАНС нямала дастойных перамог над агнявой стыхіяй. Нязменнымі застаюцца іх гонар за сваю прафесію, адданасць справе, гатоўнасць у любой сітуацыі прыйсці на дапамогу чалавеку, які трапіў у бяду. Таму не дзіўна, што многія ў той дзень атрымалі ганаровыя граматы і лісты з падзякай. Памяць аб загінуўшых падчас выканання службовага абавязку прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання.
Канцэртную праграму для прадстаўнікоў адной з самых складаных і адказных прафесій падрыхтавалі работнікі РДК і самадзейныя артысты.
Пасля заканчэння канцэрта госці свята сталі сведкамі паказальнага баявога разгортвання, падчас якога супрацоўнікі РАНС патушылі ўмоўны пажар, выратавалі ўмоўнага пацярпелага ў дарожна-транспартным здарэнні.
Жадаючыя знаёміліся з тэхнікай і абсталяваннем выратавальнікаў-пажарных.
Тут жа працавала палявая кухня, каля якой усіх частавалі смачнай кашай. Дапытлівыя і найбольш смелыя хлопчыкі і дзяўчынкі, надзеўшы сродак індывідуальнай засцярогі органаў дыхання, змаглі правесці некалькі хвілін у задымленай палатцы. А той, хто самастойна прымацаваў аўтаномны пажарны апавяшчальнік да драўлянай планкі і ўключыў яго, атрымаў падарунак.
Іншымі словамі, супрацоўнікі РАНС знайшлі чым парадаваць і здзівіць кожнага, хто завітаў 26 ліпеня на стадыён.