15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Афіцыйна Популярное Праздники и будни

15.03

Кожны год 15 сакавіка мы адзначаем свята, якое мае асаблівае значэнне для нашай суверэннай дзяржавы, для кожнага яе грамадзяніна, – Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Прыняцце гэтага важнага дакумента стала асновай, якая вызначыла сацыяльна арыентаванае развіццё і ўсталяванне вяршэнства закона дзяржавы. Ды не адразу ён стаў такі, як цяпер, – прайшоў у сваім развіцці складаныя і супярэчлівыя этапы.

Першая Канстытуцыя Савецкай Бе-ларусі, прасякнутая ідэяй дыктатуры пралетарыяту, была прынята 3 лютага 1919 года. Другая – 11 красавіка 1927-га. Яна вызначыла межы і магчымасці заканатворчай дзейнасці вышэйшых і цэнтральных органаў дзяржаўнай улады.

Канстытуцыя БССР ад 19 лютага 1937 года цалкам адпавядала аднайменнаму дакументу СССР 1936-га, дзе абвяшчалася, што ўлада належыць працоўным горада і вёскі ў асобе Саветаў дэпутатаў. Але найбольш важныя пытанні дзяржаўнага жыцця былі аднесены да кампетэнцыі Савецкага Саюза.

У Канстытуцыі БССР 1978 года сістэма органаў дзяржаўнай улады і кіравання засталася ранейшай. Вярхоўны Савет рэспублікі стаў «правамоцны вырашаць усе пытанні, аднесеныя Канстытуцыяй СССР і гэтай Канстытуцыяй у распараджэнне Беларускай ССР», была вызначана выключная кампетэнцыя Вярхоўнага Савета. Яму аддаваўся прыярытэт над усімі астатнімі органамі, якія адносяцца да іншых галін улады. Але з цягам часу асноўны закон 1978 года ператварыўся ў архаічны дакумент. Гэта абумоўлівалася тым, што ў канцы 80-х – пачатку 90-х у грамадскай свядомасці паўстала праблема здабывання рэспублікамі былога СССР дзяржаўнага суверэнітэту, ліквідацыі манаполіі адной партыі на ўладу, зацвярджэння палітычнага і эканамічнага плюралізму.

27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя Вярхоўнага Савета, якая абвясціла “поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў знешніх адносінах”.

Дэкларацыя стымулявала прыняцце шэрагу новых заканадаўчых актаў у краіне. Многія яе ідэі былі ўключаны ў праекты нарматыўных прававых дакументаў (напрыклад, 27 лютага 1991 года прымаецца Закон “Аб асноўных прынцыпах народаўладдзя ў Рэспубліцы Беларусь”). А ў далейшым, 25 жніўня 1991 года, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце быў нададзены статус канстытуцыйнага закона, на падставе ўнеслі змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю 1978-га.

Святкаваць Дзень Канстытуцыі мы пачалі пасля прыняцця Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь новага аднайменнага дакумента – 15 сакавіка 1994 года. У 1996-м і 2004-м у яго былі ўнесены змены і дапаўненні. І гэта – не звычайны закон. Канстытуцыя вызначае і замацоўвае грамадскі і дзяржаўны лад, прававое становішча асобы, парадак фарміравання і кампетэнцыю органаў дзяржаўнай улады, прынцыпы яе ўзаемаадносін з грамадствам і грамадзянамі. Яна ўключае 9 раздзелаў з 8 главамі і 146 артыкуламі, у якіх – вопыт папярэдніх пакаленняў, ключавых момантаў гісторыі, традыцыі і культурныя асаблівасці нашай краіны і народа. А само свята нясе ў сабе глыбокі змест, бо галоўны закон у нейкай ступені з’яўляецца адлюстраваннем менталітэту народа, люстэркам жыцця краіны, таму ён няспынна развіваецца разам з грамадствам. І змены, якія ўносяцца ў яго, павінны пастаянна ўдасканальваць сістэму законаў дзяржавы, робячы яе максімальна набліжанай да рэалій жыцця кожнага грамадзяніна.

Канстытуцыя гарантуе нам свабоды і правы, неабходныя для стваральнай працы, дастойнага жыцця і гарманічнага, усебаковага развіцця асобы. А дата ў яе гонар – гэта не толькі афіцыйнае свята, але і памятны дзень прыняцця дакумента, дзякуючы якому сёння мы з гонарам завём сябе беларусамі, можам удзельнічаць ва ўсіх палітычных, эканамічных і сацыяльных працэсах, што адбываюцца ў краіне.

Падрыхтавала Валянціна БЕЛЬЧАНКА