Тэма тыдня: «Белая Русь» вызначылася з прыярытэтамі на пяцігодку

Тема недели

Старшыня РГА "Белая Русь" Аляксандр Радзькоў
Старшыня РГА «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў

ІІІ з’езд рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» прайшоў 19 студзеня ў Мінску. У час з’езда падведзены вынікі работы «Белай Русі» за 2012-2017 гады, зацверджана новая рэдакцыя статута і праграмы грамадскага аб’яднання. Удзельнікі з’езда выбралі Рэспубліканскі савет.

Грамадскае аб’яднанне налічвае амаль 171,6 тыс. членаў, 8 тыс. пярвічных арганізацый. Устаноўчыя сходы па стварэнні грамадскага аб’яднання «Белая Русь» ва ўсіх абласцях і Мінску прайшлі ў чэрвені 2007 года.

Лукашэнка накіраваў прывітанне дэлегатам і ўдзельнікам III з’езда «Белай Русі»

«З усіх рэгіёнаў краіны ваш прадстаўнічы форум сабраў шчырых патрыётаў, людзей актыўнай жыццёвай пазіцыі, якіх аб’ядноўвае імкненне быць карыснымі грамадству і дзяржаве, — адзначыў Прэзідэнт. — Створаная па народнай ініцыятыве, «Белая Русь» стала па-сапраўднаму масавым рухам, адным са стаўпоў грамадзянскай супольнасці, ядром здаровых і канструктыўных сіл нашай краіны. Ваша цеснае ўзаемадзеянне з органамі ўлады і работа з рознымі слаямі насельніцтва дапамагаюць забяспечваць паспяховае правядзенне сацыяльна-эканамічнай палітыкі дзяржавы».

Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананасць, што і ў далейшым аўтарытэт, роля гэтага аб’яднання няўхільна будуць узрастаць.

Кіраўнік дзяржавы пажадаў дэлегатам і ўдзельнікам З’езда плённай працы і далейшых поспехаў на карысць роднай Беларусі.

«Белая Русь» глядзіць на жыццё краіны з агульнадзяржаўных і агульнанародных пазіцый — Радзькоў

Аб гэтым заявіў старшыня РГА «Белая Русь» Аляксандр Радзькоў на ІІІ з’ездзе грамадскага аб’яднання.

«Паколькі ідэалагічным стрыжнем «Белай Русі» была і застаецца падтрымка палітыкі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, то дзейнасць арганізацыі не факусіруецца вакол барацьбы за ўладу. Гэта дае магчымасць аб’яднанню ўзважана глядзець на ўсе працэсы з агульнадзяржаўных, агульнанародных пазіцый», — сказаў Аляксандр Радзькоў.

Паводле яго слоў, «Белая Русь», па сутнасці, стала натуральным, агульнанацыянальным, народным рухам.

«Гэта пляцоўка для дыялогу прадстаўнікоў розных груп, аб’яднанняў, партый, арыентаваных на супрацоўніцтва з уладай», — адзначыў старшыня аб’яднання.

 

Патэнцыял «Белай Русі» як грамадскага аб’яднання яшчэ не вычарпаны — Радзькоў

Паводле слоў Аляксандра Радзькова, праведзены аналіз пацвердзіў, што «з улікам сучасных сусветных тэндэнцый у існуючай палітычнай сістэме патэнцыял «Белай Русі» як грамадскага аб’яднання яшчэ не вычарпаны».

Ён звярнуў увагу, што «Белая Русь» за 10 гадоў свайго існавання стала аўтарытэтнай грамадска-палітычнай арганізацыяй і магла б выступаць як самастойны суб’ект палітычных адносін, напрыклад, пераўтварыцца ў партыю. «Аднак, прадметна вывучаючы тэндэнцыі, што адбываюцца ў сучасным хутказменлівым свеце, можна заўважыць відавочнае ўзмацненне раз’яднанасці сусветнай супольнасці. Гэта кідае выклік прыхільнікам традыцыйных палітычных партый, левых і правых ідэалогій», — падкрэсліў Аляксандр Радзькоў.

Залогам яднання грамадства з’яўляецца канструктыўная дыскусія, аснову якой складае філасофія цэнтрызму, што дае шырокі гарызонт для нерадыкальнага палітычнага манеўру, дадаў ён.

Радзькоў прапануе выкарыстоўваць патэнцыял «Белай Русі» для ўмацавання пазіцый краіны на сусветнай арэне

«Нам бачыцца, што міжнародная дзейнасць «Белай Русі» можа паслужыць умацаванню публічнай дыпламатыі, фарміраванню спрыяльнага для нашай краіны грамадскага меркавання за мяжой, у тым ліку на пляцоўках ААН, ПАСЕ, АБСЕ», — сказаў Аляксандр Радзькоў.

Паводле слоў старшыні аб’яднання, у час прэзідэнцкіх выбараў 2015 года міжнародныя арганізацыі цесна супрацоўнічалі з «Белай Руссю», вырашаючы з яе дапамогай свае пытанні. «Тое, што іх цікавіла, усё было праз нас. Дарэчы, праверылі ўсю нашу сістэму, усе нашы грамадскія прыёмныя, наш штаб і непасрэдна з намі працавалі. Нават перапіску з Прэзідэнтам праз нас вялі», — заўважыў ён.

«Развіваючы сваю дзейнасць у гэтых напрамках, «Белая Русь» зможа набыць адпаведны палітычны вопыт, пры якім у далейшым стануць магчымы і больш складаныя пераўтварэнні палітычнай сістэмы», — дадаў Аляксандр Радзькоў.

belta 3

Беларусы змогуць непасрэдна ўдзельнічаць у экспертызе законапраектаў

Аляксандр Радзькоў праінфармаваў, што ў бліжэйшы час грамадскаму аб’яднанню давядзецца перабудаваць сваю работу, зрушыўшы асноўныя акцэнты «на ідэалагічнае суправаджэнне дзяржаўных рашэнняў, экспертную і аналітычную работу».

«Белая Русь» павінна даць усім грамадзянам краіны магчымасць выяўляць надзённыя праблемы, уплываць на вырашэнне пытанняў, якія часам тонуць у бюракратычнай валакіце, непасрэдна ўдзельнічаць у экспертызе законапраектаў, выказваць свае прапановы яшчэ на этапе іх распрацоўкі», — падкрэсліў ён.

«Арганізацыя грамадскага маніторынгу выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы будзе садзейнічаць развіццю грамадскай правасвядомасці, павышэнню даверу грамадзян, будзе садзейнічаць папярэджанню і вырашэнню сацыяльных канфліктаў», — дадаў кіраўнік «Белай Русі».

Аляксандр Радзькоў лічыць, што настаў час накіраваць палітычны прафесійны вопыт «Белай Русі» і на знешні контур, вызначыць сваю пазіцыю па пытаннях сацыяльна-палітычнага і эканамічнага развіцця краіны.

Адкрываючы з’езд, ён адзначыў, што «Белая Русь» мае кадравы тэхнічны і тэхналагічны патэнцыял, які дае магчымасць эфектыўна і сістэмна ўдзельнічаць у палітычнай, эканамічнай, сацыяльна-духоўнай сферах жыцця беларускага грамадства. Структура грамадскага аб’яднання зразумела і адпавядае ўяўленням заходніх палітыкаў аб арганізацыях, якія ўдзельнічаць у выбарах.

«Белая Русь» хоча ўзяць пад патранаж малы і сярэдні бізнес для развіцця народнага прадпрымальніцтва

«З’яўленню новых надзейных партнёраў дзяржавы ў прыватным сектары будзе садзейнічаць грамадскі патранаж «Белай Руссю» малога і сярэдняга бізнесу. Гэта работа дасць магчымасць стварыць дадатковыя ўмовы для развіцця народнага прадпрымальніцтва, заняць прадпрыемлівую моладзь і захаваць жывы актыў у краіне», — лічыць Аляксандр Радзькоў.

У гэтым напрамку, на яго думку, стаўку неабходна рабіць на спецыялістаў, якія атрымалі вопыт інавацыйнай дзейнасці. Лідар «Белай Русі» прывёў у прыклад удзел членаў грамадскага аб’яднання ў рэалізацыі інавацыйных праграм па мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі. «Там людзі набылі навыкі работы, укаранення, пошукаў рынкаў. Тых, хто сябе праявіў, на наш погляд, трэба прыцягваць да бізнесу: яны разумныя і ўжо вопытныя», — адзначыў старшыня РГА.

«Белая Русь» і БРСМ прадоўжаць пераемную работу з моладдзю

Аб гэтым журналістам заявіў член Савета Рэспублікі першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Андрэй Белякоў, які прыняў удзел у III з’ездзе РГА «Белая Русь».

У ліку прыярытэтаў «Белай Русі» на пяцігодку — фарміраванне пераемнасці ў грамадска-палітычнай рабоце з моладдзю.

Плануецца ўмацоўваць супрацоўніцтва з БРПА і БРСМ. Саюз моладзі таксама выступае за пераемнасць традыцый, арыенціраў, падыходаў. «Гэта вельмі важна. Дзякуючы такой сістэме дзяржава рухаецца наперад», — сказаў Андрэй Белякоў.

Ён адзначыў, што многія актывісты БРСМ з’яўляюцца членамі «Белай Русі». «Мы разам ствараем, будуем нашу краіну», — падкрэсліў першы сакратар ЦК БРСМ. Ён выказаў упэўненасць, што вопыт, які набываецца ў такіх грамадскіх аб’яднаннях, спатрэбіцца маладым людзям не толькі ў прафесіі, але і ў жыцці ў цэлым.

Качанава заклікала «Белую Русь» больш актыўна працаваць з людзьмі на месцах

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Наталля Качанава на пасяджэнні Рэспубліканскага савета РГА «Белая Русь» заклікала грамадскае аб’яднанне больш актыўна працаваць з людзьмі на месцах.

«Мы павінны быць больш актыўнымі, — адзначыла Наталля Качанава. — Мы павінны шанаваць тое, што ёсць, актыўна супрацоўнічаць з іншымі фарміраваннямі, грамадскімі і дзяржаўнымі структурамі, актыўна даносіць пазіцыю да нашых жыхароў, да кожнага грамадзяніна».

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліла, што, калі людзей зацікавіць дзейнасць «Белай Русі», калі яны ўбачаць там перспектывы для сваёй самарэалізацыі, яны абавязкова далучацца да грамадскага аб’яднання. «Але гэта павінна быць не проста правядзенне мерапрыемстваў, гэта работа з насельніцтвам, з людзьмі», — звярнула ўвагу яна.

Наталля Качанава нагадала, што ў навагоднім звароце Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь трэба зрабіць узорнай краінай ва ўсіх сферах. «Мы павінны краіну зрабіць ідэальнай. Зроблена шмат, але калі паглядзіш на месцы: то там праблема, то там. Калі мы, кожны, будзем гэта бачыць і ўсякі раз гаварыць таму, хто павінен быў гэта зрабіць, то сітуацыя зменіцца ў лепшы бок», — упэўнена яна.

«Ёсць людзі актыўныя — прыцягвайце іх да работы. І гэта работа павінна быць па ўсіх напрамках: у рэгіёнах, з насельніцтвам, міжнароднае супрацоўніцтва», — дадала Наталля Качанава.

Качанава: пасыл для пераўтварэння «Белай Русі» ў партыю пакуль не выспеў

Як адзначыла Наталля Качанава, «Белая Русь» або нейкая іншая грамадская арганізацыя стане партыяй тады, калі гэта будзе трэба людзям, членам гэтай арганізацыі. «Калі будзе пасыл, неабходнасць у гэтым, і яна наспее, тады і магчыма будзе стварэнне партыі», — дадала кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта. «Пакуль такога мы не ўбачылі і не пачулі. Значыць, пакуль не час», — сказала яна.

Ацэньваючы вынікі работы «Белай Русі» за папярэднюю пяцігодку, Наталля Качанава падкрэсліла, што арганізацыя прырасла колькасна, паспяхова вырашала пастаўленыя перад ёй задачы. У якасці прыкладу яна прывяла грамадскія прыёмныя, назваўшы іх знакавым і значным праектам.

Закранаючы перспектывы грамадскага аб’яднання, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта адзначыла, што многія з іх былі акрэслены на з’ездзе членамі «Белай Русі». У іх ліку задачы па рабоце з моладдзю. У гэтым напрамку «Белая Русь» мае намер больш цесна супрацоўнічаць з маладзёжнымі арганізацыямі. Наталля Качанава звярнула ўвагу, што «Белая Русь» — гэта таксама і добры кадравы рэзерв для вертыкалі ўлады.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта згадала і пытанні, звязаныя з работай на міжнароднай арэне, куды грамадскаму аб’яднанню, паводле яе слоў, трэба выходзіць. «У краіне грамадскае аб’яднанне сябе зарэкамендавала. Сёння гэту арганізацыю прызнала і міжнародная супольнасць», — сказала Наталля Качанава.

Яна адзначыла важнасць таго, што «Белая Русь», і на з’ездзе гэта гучала неаднаразова, гарантуе падтрымку сацыяльнай палітыкі дзяржавы.