Прыемна, што моладзь Брагіншчыны таксама далучаецца да гэтага руху.
Нягледзячы на тое што студатрадаўскі рух узнік яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, афіцыйна дата адзначаецца нядаўна. Сёлета 1 жніўня па ўсёй краіне прайшлі розныя тэматычныя мерапрыемствы і працоўныя акцыі. Брагін не стаў выключэннем.
У гэты ж дзень адбылося ўрачыстае прыняцце ў рады студатрадаўцаў юнакоў і дзяўчат, якія выказалі жаданне папрацаваць у экалагічным атрадзе ГА “БРСМ”. Пераняўшы эстафету ў папярэднікаў, моладзь актыўна ўключыліся ў працэс навядзення чысціні і парадку на вуліцах райцэнтра.
Па словах Андрэя Свірыдовіча, які ўзначаліў атрад, немалаважным для кожнага з яго прадстаўнікоў з’яўляецца тое, што такі варыянт занятасці дае магчымасць не толькі зарабіць грошы, але і стаць дружнай камандай. Згуртаваць калектыў, натхніць на добрасумленнае выкананне даручэнняў наймальніка – менавіта ў гэтым заключаецца асноўная задача камандзіра, і Андрэй з ёй паспяхова спраўляецца. Тым больш, што ў руху юнак не навічок – гэта яго трэці працоўны семестр.
Нагадаем: у нашай краіне студэнцкія атрады атрымалі новы імпульс развіцця ў 2012 годзе, калі выйшаў адпаведны ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
– Папулярнасць працоўнай занятасці сярод моладзі расце, а гэта значыць, што яна сапраўды патрэбная, – адзначаюць у раённай арганізацыі ГА “БРСМ”. – Гэта – форма выхавання і далучэння падлеткаў да карысных спраў, праяўленне лідарскіх якасцяў, адказнасць, сяброўства. Выдатна, што такі накірунак дзейнасці не толькі адрадзіўся, але і актыўна развіваецца.