Сёмы міжнародны лёгкаатлетычны прабег “Брагінская дзясятка” сабраў 230 прыхільнікаў здаровага ладу жыцця на плошчы Брагіна ў мінулую суботу. На старт выйшлі прадстаўнікі Беларусі, Украіны і Германіі, у чарговы раз даказаўшы – спорт аб’ядноўвае ўсіх.
Нагода мерапрыемства – 26 гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Спаборніцтвы праводзяцца ў памяць аб людзях, якія цаною свайго жыцця і здароўя засланілі нас ад бяды, у памяць аб ахвярах тэхнагеннай катастрофы.
Па традыцыі першымі стартавалі дашкольнікі. Дыстанцыя маленькіх спартсменаў – 60 метраў. Яе пераадолелі ўсе, адпаведна ўсе атрымалі падарункі.
На агульны старт лёгкаатлеты выйшлі ў 11.00. І ўжо праз 32 хвіліны балельшчыкі сустракалі на фінішы Іллю Славенскага – сем год запар наш зямляк становіцца лідарам “Брагінскай дзясяткі”. Другое месца сярод мужчын заняў Уладзіслаў Прамаў (г.п. Касцюкоўка), трэцяе – Аляксандр Падольскі (г. Гомель). У жаночай камандзе перамогу святкавала Марыя Жалязнова (г. Мазыр), другое месца заняла Вольга Більдзюковіч (г. Салігорск), трэцяе – Людміла Казлова (г. Жло-бін).
Урачыстае ўзнагароджванне праходзіла ў Доме культуры. Медалі, дыпломы і падарункі пераможцам і прызёрам спаборніцтваў уручалі выконваючы абавязкі дырэктара прадстаўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта па Гомельскай вобласці Уладзімір Кандраценка, намеснік старшыні райвыканкама Ганна Бабрынёва і дырэктар Брагінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімір Корхаў. На жаль, брагінчане падымаліся на сцэну не часта. Але прыемна адзначыць, што за першае месца ва ўзроставай катэгорыі 51-60 гадоў віншаванні прымаў Мікалай Шубянок (г.п. Камарын). Дарэчы, Мікалай Сямёнавіч – удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. На адлегласці 2 000 метраў другое месца заняў Андрэй Цыбулька (г.п. Брагін).
Самаму малодшаму ўдзельніку прабегу на 10 кіламетраў было 8 гадоў, гэта Канстанцін Дзегцярэнка з Вуглоў, старэйшаму – Івану Мажэеву з Рэчыцы – 76. І хоць яны не ўвайшлі ў лік прызёраў, падарункі ўсё роўна атрымалі. Не пакінуты без увагі быў і бягун, які перасёк фінішную лінію апошнім.
Нязменнымі спонсарамі “Брагінскай дзясяткі” з’яўляюцца упраўленне па фізкультуры, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама, раённы выканаўчы камітэт, ДЮСШ, раённы аддзел адукацыі, магазін спартыўных тавараў “Тален Групп” (г. Гомель), кампанія сотавай сувязі “Мабільныя ТэлеСістэмы”, Брагінскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, КСУП “Брагінка”, прадпрымальнікі Брагіна і спадарыня Хайке Забель (Германія). Падзяку за дапамогу ў правядзенні мерапрыемства арга-нізатары таксама выказваюць супрацоўнікам раённага аддзела культуры, аддзела ўнутраных спраў і бальніцы.
На стадыёне ў той жа дзень разгарнуліся міжнародныя спаборніцтвы па міні-футболе. У іх прынялі ўдзел каманда Славуціча (Украіна) і зборная Брагіна і Пірны (Германія). Гульня завяршылася з лікам 3:3.
“Брагінская дзясятка” пакінула ў сэрцах яе ўдзельнікаў толькі пазітыўныя эмоцыі, незалежна ад таго, хто якім па ліку прыйшоў да фінішу, бо, як вядома, сярод людзей з прынцыпам “рух – гэта жыццё”, не можа быць прайграўшых.