КАБ ГАНАРЫЦЦА ПАСЁЛКАМ І ВЯРТАЦЦА ДАМОЎ З ДОБРЫМ НАСТРОЕМ

Праздники и будни

Кожны з нас штодзённа так ці інакш сутыкаецца са сферай жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Праўда, калі ў кватэрах цёпла, на вуліцах чыста і дах не працякае, мы наўрад ці задумваемся, чыя ў гэтым заслуга, а як толькі нешта парушаецца ў працэсе жыццезабеспячэння – пачынаем вініць ва ўсіх смяротных грахах камунальнікаў. Ды давайце больш уважліва паглядзім на іх працу. Напрыклад, тыя ж дворнікі чуць свет ужо спяшаюцца прывесці ў парадак адведзеную тэрыторыю. Змагацца са снегападамі даводзіцца і ноччу, ліквідаваць аварыі, непаладкі – у траскучыя маразы, пры моцным ветры…  Уявіце сябе на іх месцы.  Магчыма, гэтая нялёгкая і зачастую няўдзячная работа заслугоўвае іншага – паважлівых адносін і добрых слоў?..


Мінулая зіма ўсім сваім суровым норавам выпрабоўвала камунальнікаў на трываласць: літасці не давалі шчодрыя порцыі снегу і “гарачыя” мінусы лютага.  Але нават у самыя моцныя маразы, калі слупок тэрмометра апускаўся ніжэй за трыццаць, кацельні працавалі стабільна. Са снегам на замацаваных тэрыторыях змагаліся кругласутачна, дзе з’яўлялася  неабходнасць – вывозілі. А ўжо з першым подыхам вясны, як заўсёды, пачаліся работы па навядзенні парадку на зямлі. Спачатку – ачыстка тэрыторый ад смецця, абрэзка дрэў, а потым, калі зямля падсохне і ўсталююцца больш цёплыя дзянькі, клопаты значна пашырацца.


Планамі і задумамі, вынікамі працы за мінулы год падзяліўся дырэктар  КЖУП “Брагінскае” Аляксандр Атрошчанка:


–Сёлета свае намаганні будзем накіроўваць як на добраўпарадкаванне жыллёвага фонду, што падразумявае афарбоўку і ўцяпленне дамоў, рамонты дахаў, так і на замену водаправодаў, цеплатрас, якія выпрацавалі тэрміны эксплуатацыі. Выкананне такіх работ сваімі сіламі, без прыцягнення падрадных арганізацый, дазваляе пазбегнуць дадатковых затрат, палепшыць фінансавае становішча прадпрыемства. Для гэтага ў 2010 годзе быў створаны рамонтна-будаўнічы ўчастак, і ўжо за мінулагодні перыяд мы правялі значны аб’ём работ па мадэрнізацыі водаправодных сетак, устаноўцы індывідуальных ацяпляльных катлоў у чатырохкватэрным доме па вуліцы Паркавай у Брагіне, рамонце  дахаў у дамах гарпасёлкаў, асфальтаванні.


Кожны год стараемся дапаўняць кампазіцыйна, уносіць нешта новае, арыгінальнае ў знешні выгляд райцэнтра. Клапоцімся, каб да позняй восені яго ўпрыгожвала яркае цвіценне кветак. І ўдвая радасней ад таго, што пашырэнне гарызонтаў добраўпарадкавання і навядзення парадку на зямлі дазволіла КЖУП “Брагінскае” стаць лідарам на абласным узроўні. У якасці заахвочвання атрымана 45 мільёнаў рублёў. Вядома, яны будуць накіраваны на карысць Брагіна. Ёсць, напрыклад, добрая  ідэя абсталяваць у мікрараёне №2 вялікую гульнявую пляцоўку з малымі архітэктурнымі збудаваннямі, горкамі і арэлямі, дзе б маглі з задавальненнем бавіць час дзеці.


У працы не абысціся без   тэхнікі, якой у нас налічваецца  36 адзінак. За мінулы год  папоўнілі транспартны парк трыма трактарамі і аўтамабілем.


Дарэчы, будаўнічыя і рамонтныя работы ажыццяўляюцца на чале з Аляксандрам Дзегаўцовым, стан водаканалізацыйнай гаспадаркі – у полі зроку  Вячаслава Вайтэнкі.


Добраўпарадкаванне вядзецца пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Шаўчэнкі, за абслугоўванне транспарту  ў адказе Уладзімір Назаранка. Дзейнасць камунальнікаў у Камарынскай зоне – пад кантролем Сяргея Пугача. У цэлым жа  ў нашай сферы сёння задзейнічана  больш трохсот чалавек.


З упэўненасцю можна канстатаваць, што словы “вада”, “цяпло”, “святло”, “чысціня”, “прыгажосць”  на слыху ва ўсіх. Таму запыт на жыллёва-камунальныя паслугі быў, ёсць і застанецца, бо яны – першай неабходнасці. Заяўкі ў дыспетчарскую службу паступаюць штодня: камусьці неабходна спілаваць дрэва ці ўстанавіць агароджу, у кагосьці ўзніклі праблемы з сантэхнікай, некаму спатрэбіўся транспарт… Спецыяльна абсталяваны аўтамабіль гатовы выехаць у любы час сутак на месца ў выпадку аварыйнай сітуацыі. Аднак нямногія ўяўляюць, як няпроста падтрымліваць належны стан такога складанага механізма, якім з’яўляецца ЖКГ. Майстар ці рабочы ўчастка, інжынер ці слесар-сантэхнік – кожны з іх накіроўвае намаганні на тое, каб мы штодзённа адчувалі зручнасць, утульнасць  і камфорт, ганарыліся родным пасёлкам, вярталіся дамоў з добрым настроем.


Няхай жа ваша жыццё, паважаныя работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будзе напоўнена пачуццём стабільнасці і надзейнасці. Поспехаў у дасягненні пастаўленых  мэтаў,  здароўя, шчасця і дабрабыту! З прафесійным святам!


Валянціна БЕЛЬЧАНКА