Кожны год у гаспадаркі раёна прыбываюць маладыя спецыялісты. Каб замацаваць кваліфікаваныя кадры на вытворчасці, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь устанавіў даплаты да іх заробку. Якія і ў якім памеры, мы папрасілі расказаць галоўнага спецыяліста ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Ніну Кавалец.
–Ніна Іванаўна, колькі выпускнікоў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй прыбыло да нас у раён і на якія даплаты яны маюць права?
–Дваццаць два чалавекі, якім мы вельмі рады. На працягу першых двух гадоў работы яны будуць атрымліваць даплату да асноўнага заробку ў памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, устаноўленай Урадам Рэспублікі Беларусь для работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі і работнікі якіх прыроўнены па аплаце працы да бюджэтнікаў.
–А калі гэтыя два гады прайшлі, але яны па-ранейшаму працягваюць працаваць у сельскагаспадарчых арганізацыях, даплат ужо няма?
–Калі пасля заканчэння двух гадоў з дня заключэння працоўнага дагавору былыя студэнты і навучэнцы нікуды не паехалі, засталіся на вытворчасці ў тых гаспадарках, у якія іх накіравалі, на пасадах у адпаведнасці з кваліфікацыяй (спецыяльнасцю), указанай у дакуменце аб адукацыі, на працягу наступных трох праводзіцца даплата да іх заробку ў трохкратным памеры тарыфнай стаўкі першага разраду. Даплата праводзіцца за кошт сродкаў дзяржаўнага мэтавага бюджэтнага рэспубліканскага фонду падтрымкі вытворцаў сельгаспрадукцыі, харчавання і аграрнай навукі. Тым, хто працуе паспяхова, прысвойваецца званне “Спецыяліст сельскай гаспадаркі І класа” і “Спецыяліст сельскай гаспадаркі ІІ класа”. У першым выпадку надбаўка да службовага аклада ўстанаўліваецца ў памеры 50%, другім – 30%.
–Пасля аварыі на ЧАЭС наш раён лічыцца найбольш забруджаным. Ці ўплывае гэта на матэрыяльнае заахвочванне выпускнікоў, накіраваных на працу ў такія раёны?
–У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2008 года №1561 выпускнікам устаноў, якія забяспечваюць атрыманне сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі і накіраваным на работу або для праходжання службы ў раёны, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і размешчаныя ў зоне наступнага адсялення і ў зоне з правам на адсяленне, выплаты праводзяцца.
–А ў якіх памерах?
–Дзесяць тарыфных ставак І разраду – пасля першага года работы, пасля другога – 12, трэцяга – 15 ставак. Вылічэнне названых выплат праводзіцца зыходзячы з памеру тарыфнай стаўкі бюджэтнай арганізацыі, які дзейнічае на момант набыцця адзначанымі асобамі права на іх атрыманне.
Гутарыла Ніна СІНІЛАВА